Міжнародная федэрацыя водных відаў спорту выдала новую інструкцыю аб удзеле беларускіх спартоўцаў. Новыя патрабаванні набылі моц 18 лістапада, паведамляе «Свабода».
У дакуменце, выдадзеным Міжнароднай федэрацыяй водных відаў спорту, гаворыцца пра дзве краіны «ў канфлікце». Маюцца на ўвазе Расія, супраць якой уведзены шэраг санкцый за вайну супраць Украіны, і Беларусь, у якой рэжым падтрымай расійскую агрэсію.
Спартоўцам з гэтых краінаў забаронена ўдзельнічаць у спаборніцтвах у водным пола, бо ў гэтых відах існуе міжвольны фізічны кантакт паміж атлетамі.
У іншых водных відах, дзе ўдзел не прадугледжвае непасрэднага кантакту паміж атлетамі, да спартоўцаў з Беларусі і Расіі выстаўленыя патрабаванні нейтралітэту. У прыватнасці, яны павінны шанаваць усе правілы спаборніцтваў і статут федэрацыі, не падтрымліваць вайну вербальным і невербальным чынам, а таксама не мець дачынення да сілавых структураў. Выключэннем з'яўляецца падпісанае пагадненне з клубам, калі той падтрымлівае войска ці міліцыю такой краіны.
Спартоўцы і іх прадстаўнікі могуць звяртацца па атрыманне статусу «нейтральнага атлета», які з’яўляецца афіцыйным і прапісаны ў дакументах. Пры гэтым міжнародная федэрацыя, у выніку даказанага парушэння правілаў нейтралітэту, мае права пазбавіць атлета такога статусу.
Для беларусаў і расейцаў застаецца забарона на выкарыстанне гімна, сцяга і іншай сімволікі, якая звязвае з дзяржавай.
У адмысловым спісе нейтральных спартоўцаў, які кантралюецца федэрацыяй, 20 беларускіх атлетаў.
Акрамя таго, на тэрыторыях Беларусі і Расіі забаронена праводзіць якія-кольвечы спартовыя спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню.
аз