Беларуская Служба

У ЕС абмяркоўваюць увядзенне мытаў на ўгнаенні з Беларусі

22.11.2024 08:15
З такімі прапановамі да ЕС выступілі Швецыя, Фінляндыя, Польшча, краіны Балтыі і Ірландыя.
Сцяг ЕСRalph/pixabay.com/CC0 Public Domain

Пра намер ініцыяваць увядзенне дадатковых мытаў на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі і Расіі заявіў 21 лістапада на прэс-канферэнцыі па выніках паседжання Еўрапейскай рады аб замежным гандлі намеснік кіраўніка Еўракамісіі Валдзіс Дамброўскіс, паведамляе «Свабода» са спасылкай на агенцтва DPA.

Да такой прадукцыі, хутчэй за ўсё, аднясуць угнаенні, паведаміў чыноўнік. Паводле яго,  Еўракамісія неўзабаве прадставіць канкрэтныя прапановы па ўвядзенні дадатковых тарыфаў.

Дамброўскіс вітаў просьбы некаторых краін ЕС «увесці мыты на як мага большы спектр расійскага і беларускага імпарту». Паводле яго, з такімі прапановамі выступілі Швецыя, Фінляндыя, Польшча, краіны Балтыі і Ірландыя.

«Цяпер Камісія працуе над прапановай у адпаведнасці з высновамі Еўрапейскай рады ад кастрычніка, засяродзіўшы ўвагу на сельскагаспадарчай прадукцыі і, магчыма, угнаеннях», — сказаў ён.



28 кастрычніка стала вядома, што Міністэрства дзяржаўнай маёмасці Польшчы звярнулася да Міністэрства развіцця і тэхналогіяў з просьбай падаць у Еўракамісію заяўку на ўвядзенне 30-працэнтнага мыта на імпарт угнаенняў з Беларусі і Расіі. Паведамлялася, што за сем месяцаў 2024 года Польшча імпартавала з Беларусі 185,5 тысячы тон угнаенняў, а за той жа перыяд 2023 года — толькі 13,4 тысячы тон, то бок за год імпарт вырас амаль у 14 разоў. Імпарт у Польшчу з Расіі за год вырас у 2,9 раза.

7 кастрычніка паведамлялася, што Беларусь па выніках першага паўгоддзя знаходзіцца на трэцім месцы па аб’ёме паставак у Польшчу азотных угнаенняў, саступаючы толькі Расіі і Германіі, але апярэджваючы Літву, Алжыр, Вугоршчыну, Нідэрланды, Казахстан і Нігерыю. Беларускія камбінаваныя ўгнаенні ў студзені–чэрвені 2024 года занялі шостую пазіцыю на польскім рынку сярод усіх пастаўшчыкоў.

аз

Работнікі хімічнага канцэрну пратэстуюць супраць імпарту ўгнаенняў з Беларусі і Расіі

20.11.2024 16:27
Прафсаюзныя арганізацыі зладзілі ў Шчэціне дэманстрацыю ў абарону працоўных месцаў і супраць імпарту ўгнаенняў з Усходу.