«Цяпер няма ніякай пацверджанай інфармацыі і доказаў аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі», - заявіў прадстаўнік аб’яднання былых супрацоўнікаў сілавых структур BelPol у гадзінным фільме-расследаванні «Ядзерная зброя ў Беларусі: выкрыццё хлусні дыктатараў», які з’явіўся на ютуб-канале аб’яднання 24 лістапада, паведамляе «Позірк».
Паводле BelPol, наяўнасць у лукашэнкаўскім войску аператыўна-тактычных ракетных комплексаў (АТРК) «Іскандэр» зусім не азначае, што на тэрыторыі Беларусі маецца тактычная ядзерная зброя, бо штатным узбраеннем для дадзенага комплексу з’яўляюцца ракеты з неядзернай баявой часткай. Для ракетнага комплекса «Іскандэр» распрацаваныя тактычныя ядзерныя боепрыпасы, аднак вырабленыя яны ў невялікай колькасці і ў Беларусі іх наяўнасць пакуль не зафіксаваная.
BelPol пацвярджае, што з лютага 2023 года з Расіі «сапраўды пачатыя пастаўкі ў Беларусь АТРК «Іскандэр-М», ракетны комплекс стаіць на ўзбраенні 465-й ракетнай брыгады Узброеных сіл Беларусі. «Гэтая брыгада, якая мае ўмоўнае найменне вайсковая часць 61732, дыслакаваная ў Асіповічах на тэрыторыі вайсковага гарадка «Паўднёвы»,- паведамляюць аўтары расследавання.
Паводле іх інфармацыі, пасля пастаўкі другой батарэі комплексу быў створаны асобны 587-ы ракетны дывізіён 465-й ракетнай брыгады. Цяпер ён мае два дывізіёны АТРК «Іскандэр-М», пускавыя ўстаноўкі якіх могуць выкарыстоўваць «як квазібалістычныя, так і крылатыя ракеты» — у суме чатыры пускавыя ўстаноўкі з васьмю ракетамі.
Арганізацыя звяртае ўвагу, што летам 2023 года паведамлялася пра будаўніцтва на тэрыторыі «Паўднёвага» першага ангара для АТРК «Іскандэр», у 2024 годзе «з’явілася інфармацыя аб узвядзенні яшчэ двух ангараў». Будаўніцтва гэтых двух ангараў з пунктамі тэхнічнага абслугоўвання і рамонту тэхнікі АТРК каштарысным коштам 28,5 млн рублёў быццам бы прадугледжана сакрэтным указам Аляксандра Лукашэнкі № 289-З ад 20 верасня 2023 года (адрас аб’екта: вул. Рабоча-Сялянская, 1Е).
Аднак «сярод аб’ектаў, якія будуюцца на тэрыторыі ваеннага гарадка «Паўднёвы», спецыяльнага склада для захоўвання ядзерных боепрыпасаў не маецца», сцвярджае арганізацыя былых сілавікоў.
У расследаванні абвяргаюцца здагадкі, што склад можа быць размешчаны на тэрыторыі 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў (вайсковая частка 42707) каля вёскі Вялікая Гарожа Асіповіцкага раёна. Са слоў прадстаўніка BelPol, у 2017 годзе там пачалася рэканструкцыя, якая не звязаная з ТЯЗ.
Яшчэ адным доказам хлусні беларускіх і расійскіх уладаў аб наяўнасці ў Беларусі расійскай ТЯЗ BelPol лічыць адсутнасць на яе тэрыторыі вайсковай базы РФ, якая патрабуецца для кантролю ТЯЗ — Крэмль неаднаразова заяўляў, што ядзерную зброю кантралююць менавіта расійскія вайскоўцы.
Пры гэтым «доступу да выкарыстання ядзернай зброі ў мінскага рэжыму няма, што б там ні сцвярджала лукашэнкаўская прапаганда», - канстатуе BelPol.
аз