Адным з відаў прэсінгу ў перыяд выбарчай кампаніі сталі масавыя выклікі ў пракуратуру жыхароў Гомельскай вобласці, якія нейкім чынам «засвяціліся» як палітычна актыўныя. Гэта тыя, каго судзілі па крымінальных ці адміністрацыйных артыкулах за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 года, за падпіскі на рэсурсы, абвешчаныя «экстрэмісцкімі».
Акрамя таго, вядома аб выпадках, калі такія выклікі ў пракуратуру атрымлівалі тыя, хто мае шмат штрафаў па лініі ДАІ.
Як даведаўся Флагшток, людзей прымушаюць падпісваць папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння КК і КаАП, абавязацельствы не парушаць грамадскі парадак. Па словах крыніцы, такіх выклікаў у пракуратуру можа быць па некалькі дзясяткаў штодня.
Выклікі адбываюцца праз позву ці праз тэлефонны званок. Аднак актывісты адзначаюць, што турбавацца не варта - гэта толькі фармальная працэдура, якую сілавікі разглядаюць як «прафілактычную акцыю».
Аналагічную працэдуру прымушалі праходзіць актывістаў і напярэдадні выбараў 2020 года.
Флагшток/ав