Беларуская Служба

Хатнія гаспадаркі Віцебскай вобласці адкладаюць на «чорны дзень» прыкладна 29 даляраў

02.12.2024 15:47
Гэта меней за 5% грашовых рэсурсаў, якія застаюцца пасля ўсіх выдаткаў.
Беларускі рубельShutterstock.com

Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці, сёлета ў III квартале грашовыя рэсурсы ў разліку на хатнюю гаспадарку склалі 2 тыс. 298 рублёў 50 капеек у месяц. Пры гэтым грашовыя выдаткі складаюць 95,4% ад наяўных рэсурсаў. Нявыдаткаванымі застаюцца ўсяго 4,6% або 105 рублёў 90 капеек, што па курсе на 2 снежня складае крыху больш за 29,50 даляра ў эквіваленце.

За рысай беднасці (сярэднедушавыя размяшчаныя рэсурсы ніжэйшыя за бюджэт пражытковага мінімуму) у III квартале 2024 года знаходзілася 4,6% жыхароў Віцебскай вобласці. Па гэтым паказніку лепш, чым на Віцебшчыне, справы ідуць толькі ў Мінскай і Гродзенскай абласцях, а таксама ў горадзе Мінску.

Паводле дадзеных Белстата, усяго ў краіне за рысай беднасці ў трэцім квартале знаходзілася каля 320 тыс. 500 грамадзян. У іх сярэднедушавы даход быў ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму. Па крытэрыях, якія ўсталёўвае Сусветны банк, бедным лічыцца прыкладна кожны чацвёрты жыхар Беларусі. А для паказніка, які Белстат называе ўзроўнем малазабяспечанасці, лепш падышоў бы тэрмін «парог крайняй беднасці», кажуць эксперты.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск