Беларуская Служба

Улады Гродна адмовіліся павесіць шыльду на доме, дзе жыў Васіль Быкаў

02.12.2024 16:41
Яны заявілі, што ў горада няма фінансавання на стварэнне «аб'ектаў манументальнага мастацтва», а таксама дадатковых крыніцаў фінансавання. 
Васіль Быкаўфота: Рада БНР

Улады Гродна адмовіліся павесіць шыльду на доме, у якім жыў народны пісьменнік Васіль Быкаў. 

Петыцыя з адпаведнай просьбай да чыноўнікаў з'явілася на сайце petitions.by. Яе аўтары прасілі ўсталяваць мемарыяльную шыльду на доме 28 па вуліцы Вялікая Траецкая ў Гродне. Менавіта ў гэтым доме з 1958 года жыў Васіль Быкаў, уганараваны шэрагам дзяржаўных узнагародаў у савецкі час: Герой Сацыялістычнай Працы, народны пісьменнік БССР, лаўрэат Ленінскай прэміі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі БССР. Аўтары петыцыі падкрэслівалі, што адсутнасць шыльды перашкаджае належнаму ўшанаванню яго ўнёску ў беларускую і сусветную літаратуру, паведамляе «Еўрарадыё». 

Аднак адказ чыноўнікаў быў адмоўны. Яны заявілі, што ў горада няма фінансавання на стварэнне «аб'ектаў манументальнага мастацтва», а таксама дадатковых крыніцаў фінансавання. 

Пры гэтым намесніца старшыні гарвыканкама Зоя Кулеша заявіла, што «ў студзені 2023 года ў літаратурным аддзеле Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея была пашырана экспазіцыя, прысвечаная Быкаву, там экспануюцца асабістыя рэчы пісьменніка». 

Сёлета споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння пісьменніка-франтавіка, аднак улады гэты юбілей практычна замаўчалі. Раней гродзенцы сабралі подпісы за ўсталяванне помніка Быкаву. Але тая ж Зоя Кулеша адказала, што ўсталяванне такіх помнікаў не ўваходзіць у кампетэнцыю гарадскіх уладаў. 

Васіль Быкаў крытыкаваў рэжым Лукашэнкі, а пасля збіцця дэпутатаў у парламенце ў 1995 годзе назваў яго хунтай. Улады пачалі на яго ціснуць. Гэтыя нападкі і праблемы са здароўем вымусілі пісьменніка пакінуць Беларусь: з 1998 года ён жыў у Фінляндыі, Германіі, Чэхіі. У 2003 годзе анкалагічна хворы пісьменнік вярнуўся на радзіму і праз месяц, 22 чэрвеня 2003 года, памёр у рэанімацыі бальніцы ў Бараўлянах. Яго пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам. Цырымонія пахавання вылілася ў сапраўднае народнае шэсце.

вс