Уладальнікам участка каля Сочы, які належаў Беларусі, але быў прададзены за вельмі нізкую цану, стаў чалавек, набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. Гэта высветлілі журналісты Беларускага расследвальніцкага цэнтра (БРЦ), аб чым паведамляе Еўрарадыё.
Паводле іх звестак, новым уладальнікам участка ў Краснай Паляне стаў Аляксандр Раманоўскі — былы супрацоўнік службы бяспекі Лукашэнкі.
Гаворка ідзе пра ўчастак тэрыторыяй 9,7 га ў элітным курортным пасёлку Красная Паляна. Паводле БРЦ, у 2021 і 2022 гадах Лукашэнка двума сакрэтнымі ўказамі загадаў перадаць зямлю расійскай кампаніі "Комплекс-Інвест". Як высветліў BELPOL, цана за ўчастак была вызначаная ў 20 разоў ніжэйшай за рынкавы кошт.
"Беларусь магла страціць на гэтай угодзе блізу 100 мільёнаў долараў. У лютым 2024 года 99,9% "Комплекс-Інвест" купіў грамадзянін Беларусі Аляксандр Раманоўскі", — заяўляюць у БРЦ.
Нядаўна стала вядома, што Раманоўскаму належыць участак 20 гектараў у Абхазіі. Перадача ўчастка адбылася пасля візіту Лукашэнкі ў Абхазію ў верасні 2022 года.
нг