Беларуская Служба

Стаў вядомы прыгавор відэакарэспандэнту Яўгену Нікалаевічу

19.12.2024 11:36
Пераслед Нікалаевіча пачаўся ў 2020 годзе, калі ён асвятляў у Пінску пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Яўген Нікалаевіч крыніца: «Медиа-Полесье»

Судовы працэс над журналістам распачаўся 26 верасня, а ўжо 2 кастрычніка суддзя Пінска і Пінскага раёна Яўгенія Мельнік агучыла абвінаваўчы вердыкт. Яна прызнала Яўгена Нікалаевіча вінаватым у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», паведамляе «Медиа-Полесье». 

Гэты прысуд 3 снежня Яўген Нікалаевіч спрабаваў аспрэчыць у Брэсцкім абласным судзе, але яго апеляцыйную скаргу суддзя Кацярына Груда пакінула без задавальнення. 6 снежня імя асуджанага журналіста з’явілася ў пераліку грамадзян, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. На сайце МУС пазначана, што журналіст ужо «адбывае пакаранне».

Пераслед Нікалаевіча пачаўся ў 2020 годзе, калі ён у якасці відэакарэспандэнта рэгіянальнага інтэрнэт-выдання «Медиа-Полесье» асвятляў у Пінску пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Непасрэдна ў пратэстах журналіст удзелу не браў, але абвінавацілі яго менавіта ў гэтым. 

Падчас выкананння прафесійных абавязкаў 10 жніўня 2020 года Яўген Нікалаевіч быў затрыманы і збіты. Двое сутак рэдакцыя шукала свайго супрацоўніка, але ў пінскай міліцыі звестак пра месцазнаходжанне Яўгена Нікалаевіча не давалі. Толькі пазней стала вядома, што спачатку яго адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а пасля перавезлі ў штрафны ізалятар папраўчай калоніі ў Івацэвічах. 

Калі журналіст выйшаў на свабоду, ён працягнуў прафесійную дзейнасць. Напрыканцы жніўня быў зноў затрыманы падчас асвятлення мірнай вулічнай акцыі і пакараны адміністрацыйным арыштам.

У лістападзе 2020 года Яўгена Нікалаевіча выклікалі ў Пінскі ГАУС для дачы тлумачэнняў па крымінальнай справе аб знявазе мясцовага суддзі Бычылы. Як Яўген распавёў пазней, пасля гутаркі са следчым, у якога, выглядала, падазрэнні наконт датычнасці журналіста да злачынства зніклі, яго затрымалі і накіравалі адбываць адміністрацыйны арышт, што быў прызначаны раней. 

Пасля арышту Яўген Нікалаевіч з’ехаў з Беларусі. За мяжой працаваў у сферы, не звязанай з журналістыкай. На пачатку 2024 года ён вырашыў вярнуцца дадому і быў затрыманы. Калі дакладна гэта адбылося, невядома.

вс