Віцебскі абласны выканаўчы камітэт унёс змены ў пералік дзяржаўных сацыяльных стандартаў Віцебскай вобласці. Папярэдні раз гэты пералік рэдагаваўся яшчэ ў 2021 годзе. Гэтым разам, сярод іншага, змены закранулі дзяржстандарты ў вобласці аховы здароўя. З новай рэдакцыі дакумента прыбралі норму забяспечанасці ўчастковымі лекарамі-тэрапеўтамі — 1 лекар на 1 тыс. 700 дарослых жыхароў.
Апроч таго, па новых стандартах у лякарнях патрабуецца мець не меней 8 ложкаў на тысячу жыхароў, тады як у папярэдняй рэдакцыі патрабавалася не меней за 9.
Змены ў сацыяльных стандартах, прынятыя Віцебскім аблвыканкамам, закранулі і вулічнае асвятленне ў сельскай мясцовасці. Паводле новай нормы, у сельскіх населеных пунктах (за выключэннем аграгарадкоў) патрэбна мець асвятленне на ўездзе і выездзе, а таксама каля аб'ектаў сацыяльнага і культурна-бытавога прызначэння. Такім чынам, калі ў вёсцы няма аб'ектаў сацыяльнага і культурна-бытавога прызначэння, то можна абмежавацца ўсяго двума ліхтарамі — на ўездзе і выездзе. Ранейшая норма пра тое, што ў населеных пунктах павінна быць асветлена не меней за 85% вуліц, зараз тычыцца толькі гарадоў, гарадскіх пасёлкаў і аграгарадкоў.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск