Беларуская Служба

У Латвіі прапануюць забараніць купляць зямлю грамадзянам Беларусі і Расіі

22.01.2025 14:01
Законапраект быў распрацаваны ў супрацоўніцтве з Міністэрствам юстыцыі і Міністэрствам замежных спраў.
Сцяг ЛатвііFoto: pixabay.com/CC0 Public Domain

Кіроўная партыя ў Латвіі «Новае Адзінства» падала на разгляд у Сейм законапраект, які абмяжоўвае здзелкі, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы.

Ён прадугледжвае ўвядзенне забароны на набыццё нерухомасці ў Латвіі грамадзянамі Расіі і Беларусі, а таксама юрыдычнымі асобамі, якія знаходзяцца ва ўладанні такіх грамадзян.

Мэта законапраекта - не дапусціць шкодную і небяспечную з пункту гледжання дзяржаўных інтарэсаў дзейнасць, а таксама не дазволіць абыходзіць санкцыі, паведамляе Delfi.lv.

Законапраект датычыцца як непасрэдна грамадзян краін-агрэсараў, так і юрыдычных асобаў, створаных у Расіі і Беларусі, а таксама тых, чые рэальныя бенефіцыяры - грамадзяне згаданых дзяржаў.

Абмежаванні не будуць распаўсюджвацца на тых асоб, якія атрымалі статус пастаяннага жыхара Еўрасаюза або дазвол на пастаяннае знаходжанне ў Латвіі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Закона «Аб іміграцыі».

«У апошнія гады мы мэтанакіравана працуем, каб умацаваць бяспеку і дзяржаўны суверэнітэт Латвіі, абмяжоўваючы магчымасці Расіі і Беларусі рэалізоўваць свае знешнепалітычныя мэты ў Латвіі або арганізоўваць мерапрыемствы ўплыву і гібрыдныя атакі. Гэты законапраект - яшчэ адзін крок, каб забяспечыць абарону ад магчымых рызык», - заявіў кіраўнік  фракцыі «Новага Адзінства» ў Сейме Латвіі Эдмундс Юрэвіц.

Законапраект быў распрацаваны ў супрацоўніцтве з Міністэрствам юстыцыі і Міністэрствам замежных спраў.

Нагадваем, 20 студзеня ўрад Латвіі ініцыяваў працу над законапраектам, які забароніць грамадзянам Беларусі працаваць на аб’ектах крытычнай інфраструктуры.

аз

Латвія хоча забараніць грамадзянам Расіі і Беларусі працаваць на аб'ектах крытычнай інфраструктуры

21.01.2025 12:26
 Забарона закране таксама юрыдычных асоб гэтых краін.