«Лукашэнка, ажыццяўляючы тэрор супраць "нелаяльнага" яму насельніцтва, выйшаў далёка за межы Беларусі. Злачынства былі здзейсненыя на тэрыторыі як мінімум 30 краін-удзельніц Рымскага Статута. Гаворка ідзе пра злачынствы супраць чалавечнасці ў форме дэпартацыі і пераследу па палітычных матывах», — заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка падчас парламенцкіх слуханняў Каардынацыйнай Рады Беларусі, якія прайшлі 23 студзеня па ініцыятыве фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"».
«Першае, на што неабходна звярнуць увагу, — гэта даступныя механізмы забеспячэння правасуддзя. Буду максімальна катэгарычным і адзначу, што такіх механізмаў усяго два: расследаванне гэтых злачынстваў у рамках нацыянальных сістэм правасуддзя на аснове прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі і расследаванне ў рамках працэдур Міжнароднага крымінальнага суда (МКС).
Што датычыцца магчымасцяў расследавання гэтых злачынстваў на аснове прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі, важна звярнуць увагу на тое, што гэты механізм выключае магчымасць прыцягнення да адказнасці асоб, якія маюць персанальны імунітэт. Няхай нам гэта падабаецца ці не, але Лукашэнка карыстаецца гэтай прывілеяй. У гэтай сувязі абсалютным прыярытэтам для нас з’яўляецца механізм Міжнароднага крымінальнага суда», — падкрэсліў Павел Латушка.
«2 кастрычніка 2024 года з'явілася афіцыйная інфармацыя аб запуску Офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суда папярэдняга расследавання "беларускай сітуацыі". Аднак канчатковы вынік шмат у чым залежыць ад таго, якія сведкі будуць у распараджэнні Офіса пракурора МКС. Кожны з нас можна садзейнічаць таму, каб сведчанні здейсненых злачынстваў былі перададзены ў МКС», — адзначыў Павел Латушка.
Ён заявіў, што трэба зрабіць усё магчымае ў камунікацыі з парламентарыямі краін-саюзнікаў, каб яны далучыліся да рэфералу Літвы ў Міжнародны крымінальны суд.
Таксама латушка заклікаў беларусаў дасылаць у НАУ любую інфармацыю: дакументы, аўдыё/відэазапісы, любыя іншыя матэрыялы, якія могуць пацвердзіць факты арганізацыі Лукашэнкам і прадстаўнікамі яго рэжыму палітыкі пераследу беларускага грамадства і стварэння ўмоў, якія вымушаюць жыхароў Беларусі пакідаць сваю краіну. Дадзеныя матэрыялы будуць ацэнены і ў рамках усталяваных працэдур перададзены ў Офіс пракурора МКС. На дадзены момант каля 30 праваабарончых арганізацый узялі на сябе абавязак перадаць адпаведную інфармацыю ў Офіс пракурора МКС.
вх