Беларуская Служба

Ледавіковы перыяд у Беларусі працягваецца

31.01.2025 10:16
Аналітык з Мінска падводзіць вынікі і паказвае факты лукашэнскаўскіх «недавыбараў».
Ілюстрацыйны здымаккрыніца: Белта

Многія беларусы засмяяліся істэрычна 

Калі ў апошні дзень тыднёвага галасавання ў мінскім Цэнтрвыбаркаме былі абвешчаныя так званыя вынікі першага экзітполу, многія беларусы, напэўна, засмяяліся істэрычна. Прыведзеная лічба - 87,6% падтрымкі Лукашэнкі. Гэта літаральна на 0,3% больш, чым было намалявана Пуціну на апошніх выбарах у Расіі. Але да раніцы панядзелка выхад мінскага васала са строю быў крыху скарэктаваны. У канчатковым выніку марыянетачны Цэнтрвыбаркам залічыў дыктатару 86,82 адсотка галасоў выбаршчыкаў пры 85-працэнтнай яўцы, дабраслаўляючы ўжо сёмы тэрмін знаходжання пры ўладзе. Афіцыйныя вынікі «бязвыбараў» абвесцяць трэцяга лютага.


Тым смяшней, што і цягам шасці дзён папярэдняга галасавання, і ў апошні асноўны дзень выбарчыя ўчасткі ў Беларусі пуставалі, а ў выбарчую нядзелю тэлепрапагандысты зрабілі ў сваім рэпартажы недаравальны ляп. Яны паказалі ў рэпартажы, што Лукашэнка, які галасаваў на выбарчым участку № 1 у Мінску, забіраў бюлетэнь толькі другім у спісе. А паводле афіцыйнай статыстыкі, на той момант ужо прагаласавала 42 адсоткі беларусаў.

З’яўленне сабакі Умкі на галасаванні было сімвалічным

З іншага боку, з’яўленне сабакі Умкі, з якім дыктатар з’явіўся на галасаванні, было сімвалічным, бо яго гадаванец навідавоку камераў, не зважаючы на сур’ёзнасць справы, проста справіў малую патрэбу ўнутры памяшкання.


Усе гэта бачылі, але па тэлевізары. Таму што на выбарчыя ўчасткі, нягледзячы на вялікія намаганні ўлады, якая спрабавала загнаць людзей на выбары нават пагрозамі на працоўных месцах, акрамя Лукашэнкі і ягонага сабакі, амаль ніхто не з'явіўся. Аднак кіраўніцтва многіх заводаў у Мінску адкрыта пагражала «наступствамі» супрацоўнікам, якія не пайшлі галасаваць. Сцвярджалася, што падкантрольныя сістэме выбарчыя камісіі будуць складаць спісы тых, хто прагаласаваў і тых, хто не прагаласаваў, і што «будуць наступствы».

Адзіная даступная форма пратэсту ў Беларусі

Аднак рэальная яўка была нязначнай. На дадзены момант гэта адзіная даступная форма пратэсту ў Беларусі. Аб выхадзе на вуліцы не можа быць і гаворкі. Перад «выбарамі» ў Мінску амаль на кожным прыпынку транспарту распачалася ўсталёўка гарадскіх камераў назірання з сістэмай распазнавання твараў, а таксістам таксама загадалі ўсталёўваць відэарэгістратары ў машынах і запісваць размовы з пасажырамі. У сталіцу на некалькі дзён былі сцягнутыя дадатковыя падраздзяленні міліцыі з іншых абласных гарадоў, якія аказвалі падтрымку мінскім РАУСам у тых раёнах, дзе маглі быць пратэсты. Цягам апошняга тыдня на кожную налепку ў пад’ездзе ці палітычны лозунг на сцяне ў Мінску выязджала цэлая следчая група, здымаючы адбіткі пальцаў перад знішчэннем аб’екту. Адным словам - паўночнакарэйскія ўзоры напоўніцу.


У дзень выбараў у Мінску група расіянак сярэдняга ўзросту спытала дарогу да гандлёвага цэнтра. Яны былі ў захапленні. «Як чыста, прыгожа і спакойна ў вас. Не тое, што ў нас!» Давялося пагадзіцца: «Сапраўды, як у моргу ў канцы ледавіковага перыяду». Мяркую, яны не зразумелі.
Можа яно і лепш. Таму што пакуль беларусы перадаюць на цалкам іншай хвалі – адрознай ад расіян, надзея для краіны яшчэ жыве. Жыве.

З Мінска для Польскага радыё - Ян Кшыштаф Міхаляк