Беларуская Служба

На фоне прыпынення дапамогі ЗША Еўракамісія выдзеліць 3 млн еўра для беларускіх і расійскіх СМІ

04.02.2025 09:00
Апошнім часам беларускія СМІ, якія працуюць у эміграцыі, сутыкнуліся з фінансавымі праблемамі.
Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр ЛяенPAP/EPA/OLIVIER MATTHYS

Еўракамісія паведаміла аб павелічэнні падтрымкі беларускіх і расійскіх СМІ ў выгнанні, аб’ём дадатковай дапамогі складзе каля 3 млн еўра.

Асноўная ўвага ЕК, як заяўляецца, цяпер надаецца таму, каб «незалежныя журналісты і СМІ, якія знаходзяцца ў выгнанні, маглі працягваць вырабляць кантэнт і распаўсюджваць яго сярод сваёй аўдыторыі», паведамляе «Позірк».

21 студзеня 2025 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб прыпыненні Вашынгтонам усёй замежнай дапамогі на 90 дзён. Сярод іншага дакумент распаўсюджваецца на дзейнасць Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID), якое рэалізоўвае ў тым ліку праграмы падтрымкі журналістаў у выгнанні.

У распаўсюджанай у канцы студзеня заяве Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ) прагучаў заклік да ўсіх патэнцыйных еўрапейскіх донараў «прыняць меры для кампенсацыі сыходу ЗША, у прыватнасці, для забеспячэння выжывання <…> СМІ», сярод якіх і беларускія.



Апошнім часам беларускія СМІ, якія працуюць у эміграцыі, сутыкнуліся з фінансавымі праблемамі.

29 студзеня стала вядома, што медыяпраект «Обычное утро» можа спыніць існаванне.

29 лістапада 2024 года паведамлялася, што праект «Маланка медыя» просіць фінансавай дапамогі для аднаўлення працы свайго сайта. 28 лістапада аб падтрымцы папрасіла рэдакцыя медыя «Новы час».

З пачатку 2024 года з фінансавымі праблемамі сутыкнуліся многія незалежныя СМІ, у тым ліку KYKY, Reform, «Белсат», Plan B, беларуская рэдакцыя польскага «Радыё Ўнэт», якая ў выніку спыніла працу, EX-PRESS.

аз

Закрыты буйнейшы міжнародны донар - амерыканскае агенцтва USAID

03.02.2025 18:12
Дэмакраты і некаторыя іншыя амерыканскія палітыкі асудзілі дзеянні Ілана Маска і адміністрацыі Трампа.