Журналістку Кацярыну Бахвалаву (Андрэеву) моцна збілі ў калоніі і не дазволілі выклікаць доктара, распавяла на прэс-канферэнцыі ў Вільні 10 лютага актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк.
Былая палітзняволеная распавяла, што перасеклася з Кацярынай у жніўні 2022 года, калі тая ўжо знаходзілася ў гомельскай калоніі № 4 і трапіла пад моцны псіхалагічны ціск.
- Пачалася траўля ў атрадзе з боку жанчын, якія выконвалі загад адміністрацыі. Яна перастала ўсміхацца, баялася да нас падыходзіць. На фабрыцы яна пралятала міма, яна вачыма давала зразумець, што не можа падысці. Плакала. Было відаць, што чалавека ламаюць, - распавяла Шарэнда-Панасюк.
Яшчэ раней, у лютым 2022 года, журналістку моцна збілі. Паліна Шарэнда-Панасюк сцвярджае, што чула яе голас, калі знаходзілася ў ШІЗА:
- Я чула, як яна прасіла лекара. Яна казала, што яе моцна збілі: «Мяне білі па галаве, паклічце лекара, паклічце лекара…» Вядома, ніхто ёй лекара не паклікаў. Гэта было 9 лютага. 10 лютага яе вывезлі ў СІЗА ў Гомель.
- Мне ўдалося пагаварыць з дзяўчынай, якая расказала, што, калі Кацю выклікалі і азнаёмілі з тым, што супраць яе ўзбуджана чарговая справа, у яе проста здалі нервы. У яе здарылася істэрыка. Што менавіта яна там рабіла, я не ведаю, але гэтая дзяўчына сказала, што Каця была збітая. Яе білі чацвёра: оперупаўнаважаны Чорны, Ганчароў, Алёхін і Зюзін. Гэтыя чацвёра мужчын, «героі», накінуліся на адну Кацю. Яе білі па галаве, яе білі па жываце, - распавяла Шарэнда-Панасюк.
У лютым 2021-га Кацярыну Бахвалаву прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі. Праз год журналістцы прад'явілі новае абвінавачанне на падставе ч. 1 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве). На судзе ў ліпені 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай і прыгаварылі да васьмі гадоў і трох месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму. МУС унесла палітзняволеную ў «спіс асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Зеркало/ав