Cамай актуальнай праблемай у 2024 годзе засталася вайна ва Украіне — як для ўкраінскіх, так і для міжнародных журналістаў. Таксама, паводле аўтараў справаздачы, выклікам для ключавой ролі СМІ ў асвятленні канфліктаў сталі парушэнні свабоды прэсы на фоне працяглага канфлікту ў Газе і шырэй на Блізкім Усходзе, піша БАЖ.
Сярод іншых выклікаў для свабоды журналістыкі аўтары справаздачы называюць вынікі выбараў у некаторых краінах — сябрах Рады Еўропы, а таксама ў ЗША, якія выявілі рост уплыву неліберальных і папулісцкіх партый. Яны часта варожа і прыніжальна выказваліся на адрас СМІ, а таксама ўводзілі прававыя абмежаванні для дзейнасці медыяў.
У 2024 годзе Платформа па садзейнічанні бяспецы журналістаў зафіксавала 266 трывожных сігналаў у дачыненні медыяў і журналістаў, што супадае з папярэднім, 2023 годам, але значна перавышае даковідны ўзровень. Гэтыя трывожныя сігналы ўключалі ў сябе фізічныя напады, запалохванні, затрыманні, беспакаранасць за злачынствы ў дачыненні журналістаў і іншыя абмежавальныя меры.
Краіны, у якіх летась Платформа зафіксавала найбольш трывожных сігналаў і пагрозаў для медыяў, гэта: Украіна — пераважна акупаваныя Расіяй тэрыторыі (40 сігналаў), Расія (32), Турцыя (28), Сербія (20) і Грузія (18).
Грузія агулам знаходзілася пад асаблівай увагай Платформы ў 2024 годзе праз рэзкае пагаршэнне сітуацыі са свабодай СМІ.
Згодна справаздачы, у 2024 годзе па ўсёй Еўропе пад вартай утрымліваліся 159 журналістаў, з іх большасць — 44 — у Беларусі, 30 — у Азербайджане, 29 — у Расіі, 28 — на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны, 27 — у Турцыі, 1 — у Грузіі.
Беларусь аўтары справаздачы згадваюць у раздзеле, прысвечаным захопу сродкаў масавай інфармацыі з боку ўрадаў, які складаецца з пяці элементаў: уласна палітычнага захопу дзяржаўных СМІ, кантролю рэгулятараў СМІ, набыцця прыватных медыяў палітычнымі саюзнікамі ўрадаў, маргіналізацыі незалежных медыяў і дыскрымінацыйнага выкарыстання дзяржаўных сродкаў для фінансавання праўладных медыяў.
У Беларусі больш за 20 навінавых сайтаў былі заблакаваныя паводле загаду Міністэрства інфармацыі і ідэнтыфікаваныя як «экстрэмісцкія», гаворыцца ў дакладзе. Пасля надання статусу «экстрэмісцкай арганізацыі» быў выдалены дамен сайта Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Журналістаў незалежных медыяў дзяржавы пераследуюць у тым ліку і ў выгнанні — пасля таго, як тыя выехалі за мяжу. Дзеля гэтага часта злоўжываюць сістэмай Інтэрпола.
«Беларускага журналіста Андрэя Гнёта затрымалі ў Сербіі ў кастрычніку 2023 года пасля таго, як Беларусь выпусціла «чырвонае папярэджанне» праз Інтэрпол. Андрэя трымалі пад вартай больш за год, пакуль суды Сербіі разглядалі запыт. Гнёта вызвалілі ў кастрычніку 2024 года пасля заканчэння законнага тэрміну затрымання. Журналіст неадкладна выехаў у ЕЗ», — распавядаецца ў справаздачы.
Для сачэння за журналістамі ўлады выкарыстоўваюць шпіёнскае праграмнае забеспячэнне, зазначае Платформа. Вядома пра выпадкі, калі тэлефоны расійскіх і беларускіх журналістаў былі заражаныя шпіёнскім праграмным забеспячэннем.
У 2024 годзе Грузія, якая лічылася бяспечнай краінай для журналістаў у выгнанні, перастала быць такой. Беларускаму журналісту Андрэю Мялешку, які жыў у Грузіі з 2021 года, увосень 2024 года было адмоўлена ва ўездзе ў краіну.
Адным з самых жудасных нападаў на свабоду прэсы з’яўляецца забойства журналістаў, зазначае Платформа.
БАЖ/ав