Беларуская Служба

Дармаедаў шукаюць нават сярод тых, хто з'ехаў за мяжу ў 1990-х: тэлефануюць сваякам у Беларусі

06.03.2025 09:02
«Дармаедаў» у Мінску шукаюць так старанна, што згадалі пра людзей, якіх няма ў краіне больш за 30 гадоў.
.
.ulleo /pixabay.com/CC0 Public Domain

Каля трох тыдняў таму міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на пасяджэнні Мінгарвыканкама паведаміў, што ў Мінску будуць абнаўляць спісы «дармаедаў», тых, хто атрымлівае зарплату ў канвертах, а таксама тых, хто працуе за мяжой.

Па выніках праверкі Кубракоў прапануе змяніць працоўнае заканадаўства: «Працаваць павінны ўсе, хто карыстаецца сацыяльнымі выгодамі, якія дае дзяржава».

Анансаваная адпрацоўка ўжо пачалася. Пра адзін з дзіўных званкоў з «аналітычнага аддзелу» стала вядома «Нашай Ніве».

— Шукалі майго дзядзьку, які эміграваў у Амерыку яшчэ ў сярэдзіне 90-х. Ён не з’яўляўся ў Беларусі больш за 30 гадоў, — распавядае суразмоўца. — У мяне ажно вочы на лоб палезлі, калі я нарэшце зразумеў, каго шукаюць. Сказалі: «Апошняе, што мы пра яго ведаем, гэта што ён набыў квіток на самалёт у ЗША».

Мужчына кажа, што яму растлумачылі: пра дзядзьку згадалі, таму, што шукаюць «дармаедаў».

— Спыталі, чаму і пры якіх абставінах дзядзька вырашыў з’ехаць. Цікавіліся, ці ёсць у яго амерыканскае грамадзянства.

НН/ав