Беларуская Служба

Прэзідэнт Польшчы паабяцаў надалей ціснуць на Лукашэнку

20.06.2023 09:26
Прэзідэнт Польшчы: «Мы павінны праявіць салідарнасць з беларускім народам».
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дудаwww.prezydent.pl

«Беларусь – не толькі краіна, якая афіцыйна падтрымлівае Расію, але і адзіная, якая дэ-факта спрыяла баявым дзеянням, падаўшы сваю тэрыторыю для нападу на Украіну ў крытычнай фазе вайны. Таму, пакуль Беларуссю кіруе Лукашэнка, польская дыпламатыя павінна ставіцца да яе як да дзяржавы, адказнай за вядзенне пуцінскай вайны», – заявіў на сустрэчы з амбасадарамі прэзідэнт Анджэй Дуда.

- Пакуль Беларуссю кіруе Лукашэнка польская дыпламатыя павінна ўспрымаць яе як тую, якая саўдзельнічае ў ажыццяўленні палітыкі Пуціна. Таму мы абавязаны на міжнародным форуме прыкладаць намаганні па накладанні і ўзмацненні санкцыяў на гэтую краіну. Адначасова нам нельга забываць пра беларускі народ, які, інакш чым расійскі народ, не скажоны духам імперыялізму. У яго прыязнае стаўленне да Польшчы і палякаў, ён знаходзіцца пад ціскам аўтакраты, які не мае падтрымкі бальшыні грамадзян і ўзяў уладу ў выніку выбарчай фальсіфікацыі. Таму мы павінны быць салідарныя з беларускім народам.

Па словах Анджэя Дуды, цяпер «нельга забываць пра больш за тысячу палітвязняў у Беларусі, а таксама пра рэпрэсіі супраць палякаў», сярод якіх і журналіст Анджэй Пачобут. Прэзідэнт Польшчы паабяцаў, што Польшча будзе змагацца на міжнародных форумам за вызваленне ўсіх палітвязняў у Беларусі.

Анджэй Дуда падкрэсліў, што Польшча моцна заангажаваная ў падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці.

«Інтарэс Польшчы таксама ва ўмацоўванні беларускай дыяспары і яе незалежных палітычных сіл, у тым ліку, і ў іншых краінах».

яс