Беларуская Служба

Бук з Далькова ў Ніжняй Сілезіі прадстаўляе Польшчу на конкурсе «Еўрапейскае дрэва года»

03.02.2025 12:48
Дрэва перамагло ў нацыянальным галасаванні і цяпер будзе змагацца за еўрапейскі тытул з пятнаццаццю іншымі фіналістамі.
Buk z Dalkowa
Buk z Dalkowadrzeworoku.pl

Як адзначае старшыня Фонду на карысць сям’і і польскай вёскі з Далькова Ганна Гамулка (Anna Gomułka), гэтае дрэва мае вялікае значэнне для мясцовых жыхароў.

«У самым цэнтры гістарычнага парку больш за 300 гадоў расце бук пурпуровай разнавіднасці. Ён знаходзіцца ў цэнтральнай частцы ўзгор’яў, што цягнуцца больш чым на 120 кіламетраў. Тут адбываецца шмат культурных падзей – канцэрты, літаратурныя сустрэчы. Штодня праводзяцца экалагічныя адукацыйныя заняткі і майстар-класы па гарта-тэрапіі для людзей з інваліднасцю».

Гэты стары бук называюць «Сэрцам Далькоўскіх Узгор’яў», бо вясной яго лісце набывае інтэнсіўны пурпуровы колер.

Старшыня фонду заклікае ўсіх далучыцца да галасавання, падкрэсліваючы, што важна захаваць гэты тытул для Польшчы, паколькі польскія дрэвы ўжо неаднаразова перамагалі ў конкурсе. Яна таксама запрашае прыехаць у Далькоў, каб убачыць дрэва ўласнымі вачыма.

Да гэтага часу польскія дрэвы перамагалі на конкурсе чатыры разы: дуб Юзаф з Вішнёвай на Падкарпацці, дуб Дунін з Белавежскай пушчы, дуб Фабрыкант з Лодзі, бук Сэрца Саду з Вайславіц.

Галасаванне працягнецца да 24 лютага.

IAR/нг