Яшчэ адзін элемент верагодна касмічнай ракеты Falcon 9 быў знойдзены ў вёсцы Вiры ля Познані на захадзе Польшчы. На месца былі выкліканыя адпаведныя службы, пацвярджае прэс-сакратар аддзела Дзяржаўнай пажарнай службы ў Познані Марцін Тэцлаў(Marcin Tecław):
- Нам паступіла просьба з паліцыі прыехаць на месца здарэння і выключыць магчымую пагрозу з боку неўстаноўленага элемента, які па форме нагадвае кацёл.
Першы прадмет, які лічыцца часткай касмічнай ракеты, упаў учора раніцай ля вёскі Каморнікі таксама ля Познані.
Польскае касмічнае агенцтва(POLSA)пацвердзіла, што ўчора раніцай над тэрыторыяй Польшчы адбыўся некантраляваны ўваход у атмасферу часткі ракеты-носьбіта Falcon 9.
Прэс-сакратар агенцтва Агнешка Гапыс(Agnieszka Gapys) паведаміла Польскаму радыё, што інфармацыя была «накіравана ў адпаведныя міністэрствы і службы»:
- Варта падкрэсліць, што POLSA дасылае гэтыя справаздачы ў інфармацыйных мэтах, таму што на дадзеным этапе вельмі складана прыняць на іх падставе нейкія канкрэтныя меры. У большасці выпадкаў такія аб'екты цалкам згараюць у атмасферы. Бывае, што яны падаюць на зямлю, але месца магчымага падзення можна вызначыць з дакладнасцю да 100 кіламетраў.
Верагодна часткі касмічнай ракеты Falcon 9 упалі ў некалькіх месцах каля Познані.
У сувязі з інцыдэнтам прэзідэнт Польскага касмічнага агенцтва Гжэгаж Врохна быў тэрмінова выкліканы ў Міністэрства развіцця і тэхналогій і даў тлумачэнні. Пасля сустрэчы, ведамства паведаміла, што міністр Кшыштаф Пашык абавязаў кіраўніка POLSA неадкладна праверыць і змяніць працэдуры паведамлення, якія дагэтуль выкарыстоўваліся агенцтвам, у тым ліку ацэнку магчымасці ўзнікнення інцыдэнтаў, а таксама іх наступнае абнаўленне.
Касмічная ракета Falcon 9 кампаніі SpaceX была запушчана на пачатку лютага.
IAR/аз