Беларуская Служба

Польшча не пагодзіцца на штрафы за непрыняцце мігрантаў

15.06.2023 08:30
Прэс-сакратар урада Пётр Мюлер заявіў, што калі Еўрасаюз увядзе штрафы за адмову прыняцця мігрантаў, Польшча будзе абскарджваць іх ва ўсіх магчымых працэдурах ЕС.
 .
Ілюстрацыйны здымак.фота: Ajdin Kamber/Shutterstock

Пётр Мюлер падкрэсліў, што прыём мігрантаў актывізуе дзейнасць кантрабандыстаў.

«Мы не пагодзімся з прымусовым размеркаваннем мігрантаў, таму што гэта актывізуе міграцыйныя рухі ў Еўропе. Мы лічым, што такія рашэнні, якія зараз прасоўвае Еўрасаюз, прывядуць да таго, што ў будучыні бандыты, кантрабандысты і гандляры людзьмі, якія займаюцца падобным злачынствам, незаконна перавозяць людзей з Афрыкі і арабскіх краін у Еўрапейскі Саюз, яны будуць заахвочаны працягваць сваю дзейнасць. Калі на нас будуць накладзеныя штрафы, мы будзем падаваць скаргу ва ўсе магчымыя працэдуры ЕС», – сказаў прэс-сакратар урада.

Кіруючая партыя «Права і справядлівасць» не згодная з тым, што «польская дзяржава павінна несці сацыяльныя і фінансавыя выдаткі памылковых рашэнняў іншай краіны Еўрасаюза» (гаворка ідзе пра Нямеччыну).

Польшча заклікае змяніць міграцыйны пакт. Праз два тыдні гэтае пагадненне будзе абмяркоўвацца лідарамі на саміце ў Бруселі.

Міграцыйны пакт быў першапачаткова ўхвалены большасцю краін на мінулым тыдні з супраціўленнем з боку Польшчы і Венгрыі. Балгарыя, Мальта, Літва і Славакія ўстрымаліся.
яс