Беларуская Служба

Польскія следчыя раскрылі групу, якая перапраўляла нелегальных мігрантаў праз усходнюю мяжу

15.06.2023 12:29
Афіцэры вызначылі, што група магла дзейнічаць у Польшчы і іншых краінах Еўропы на працягу некалькіх гадоў.
Галоўнага следчага бюро паліцыіcbsp.policja.pl

Польскія следчыя раскрылі групу, якая перапраўляла нелегальных мігрантаў праз усходнюю мяжу

Супрацоўнікі Галоўнага следчага ўпраўлення паліцыі і падраздзяленняў Віслінскай і Сілезскай памежнай аховы разбілі арганізаваную злачынную групу, якая перапраўляла праз усходнюю мяжу Польшчы нелегальных мігрантаў з краін Азіі і Афрыкі.

Афіцэры ўстанавілі, што група магла дзейнічаць у Польшчы і іншых краінах Еўропы на працягу некалькіх гадоў.

«Усё сведчыць аб тым, што нелегальных мігрантаў з краін Азіі і Афрыкі незаконна перапраўлялі праз усходнюю мяжу нашай краіны ў Польшчу, якая з'яўлялася краінай прызначэння або транзіту ў іншыя еўрапейскія краіны. Сабраныя доказы сведчаць аб тым, што патэнцыйны заказчык павінен быў плаціць за кантрабанду ў Польшчу ў сярэднім каля 5 тысяч еўра. Стаўка падвойвалася, калі краінай прызначэння была Вялікабрытанія», паведамляецца ў камюніке Галоўнага следчага ўпраўлення паліцыі.

Падчас апошняй акцыі супрацоўнікі затрымалі двух грамадзян Індыі і аднаго грамадзяніна Таджыкістана. Акруговая пракуратура ў Гарволіне абвінаваціла іх ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе і арганізацыі супрацьпраўнага перасячэння мяжы Рэспублікі Польшча іншымі асобамі. Ім пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Усяго па справе затрымана 5 чалавек. Чатыры з іх часова арыштаваныя, за адным усталяваны нагляд паліцыі.

яс