Беларуская Служба

Міністр абароны Польшчы: Мы не прадугледжваем адпраўкі войск ва Украіну

13.02.2025 09:21
«Найлепшай місіяй будзе місія амерыканскіх, польскіх і еўрапейскіх кампаній ва Украіне, таму што гэта найбольшыя гарантыі бяспекі. Іншых няма». 
     -
Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-КамышPAP/Jakub Kaczmarczyk

Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што Польшча не плануе ўводзіць войскі ва Украіну: «салдаты даюць менш, чым інвестыцыі»,  перакананы палітык. 12-13 лютага міністр нацыянальнай абароны Польшчы прымае ўдзел у сустрэчах у штаб-кватэры НТАТА ў Бруселі.

У сераду, 12 лютага, Уладзіслаў Касіняк-Камыш прыняў удзел у пасяджэнні кантактнай групы па абароне Украіны з удзелам кіраўніка Пентагона Піта Хегсэта.

Прадстаўнік польскага ўраду пракаментаваў словы міністра абароны ЗША аб тым, што сяброўства Украіны ў НАТА з'яўляецца «нерэальным». «Украіна пакуль не атрымлівала запрашэння ў НАТА, і я думаю, што пасля заявы амерыканскага боку такога запрашэння не будзе», — сказаў Касіняк-Камыш.

Палітык мяркуе, што паколькі няма згоды найбуйнейшай краіны саюзу, то «няма сэнсу спадзявацца». Ён дадаў, што іншыя краіны Паўночнаатлантычнага альянсу раней выступалі супраць сяброўства Украіны ў альянсе. 

«Мы павінны сёння зрабіць усё, каб Украіна выйграла вайну і каб гэты мір быў справядлівым. Гэта тое, што хвалюе ўсіх удзельнікаў сённяшняй сустрэчы, таму што добры вынік мірных перамоваў — гэта перамога Захаду, у тым ліку ЗША», — адзначыў Уладзіслаў Касіняк-Камыш, адначасова заявіўшы, што Польшча не плануе ўводзіць войскі ва Украіну. 

«Найлепшай місіяй будзе місія амерыканскіх, польскіх і еўрапейскіх кампаній ва Украіне, таму што гэта найбольшыя гарантыі бяспекі. Іншых няма. На мой погляд, салдаты даюць менш, чым даюць інвестыцыі», — упэўнены Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

iar/эж