Беларуская Служба

Украінская выведка: Ніводная расійская ядзерная боегалоўка не патрапіла ў Беларусь

20.06.2023 19:00
У канцы траўня Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін падпісалі пагадненне аб паскарэнні размяшчэння расійскай тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.
Расійская ядзерная зброяShutterstock.com/Naletova Elena

У Беларусі вядзецца падрыхтоўка да прыёму расійскіх ядзерных ракет, рыхтуюцца месцы захоўвання гэтай зброі. Тым не менш ніводнай ядзернай боегалоўкі туды пакуль не перавезена, заявіў у аўторак кіраўнік украінскай ваеннай выведкі (УВР) генерал Кірыла Буданаў, якога цытуе агенцтва «Інтэрфакс-Украіна».

У канцы траўня міністры абароны Расіі і Беларусі Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін падпісалі пагадненне аб паскарэнні размяшчэння расійскай тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.

Шайгу адзначыў, што Расія захавае кантроль над гэтай зброяй. У сярэдзіне чэрвеня беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь ужо пачала атрымліваць расійскія ядзерныя ракеты, нагадаў амерыканскі аналітычны цэнтр Інстытут даследаванняў вайны (ISW) і агенцтва Reuters.

«Мы ўсё яшчэ бачым безразважную ядзерную рыторыку Расіі. Толькі што Масква выйшла з амерыкана-расійскай Дамовы аб скарачэнні стратэгічных узбраенняў. А цяпер вырашыла размясціць у Беларусі ядзерную зброю», адзначыў 14 чэрвеня Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг.

У апошнія месяцы ўлады ў Вашынгтоне нязменна падкрэслівалі, што не бачаць прыкмет таго, што Расія рыхтуецца прымяніць ядзерную зброю.

яс