Беларуская Служба

Джэнін: Колькасць ахвяраў ізраільскай аперацыі расце

04.07.2023 10:45
Палестынскі Чырвоны Паўмесяц паведамляе аб эвакуацыі каля 3 000 пажылых людзей і інвалідаў.
Расце колькасць ахвяраў ізраільскай вайсковай аперацыі ў лагеры ўцекачоў у ДжэнінеPAP/EPA/ALAA BADARNEH

Расце колькасць ахвяраў ізраільскай вайсковай аперацыі ў лагеры ўцекачоў у Джэніне. Паводле палестынскіх медыцынскіх службаў, загінулі 10 чалавек, больш за 100 атрымалі раненні.

Учора Ізраіль пачаў найбуйнейшую ваенную аперацыю на Заходнім беразе ракі Іардан за апошнія 20 гадоў. Яна накіраваная супраць палестынскіх тэрарыстаў. Лагер для бежанцаў у Джэніне – адно з найбольш густанаселеных месцаў такога тыпу на Заходнім беразе. Тут пражывае каля 18 тысяч чалавек.

У той жа час гэта адно з самых неспакойных месцаў, дзе, паводле Ізраіля, маюць свае базы атрады ХАМАС-а і Ісламскага джыхада, якія нясуць адказнасць за нядаўнія напады на ізраільскіх жаўнераў і мірных жыхароў.

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што з учарашняга дня ў Джэніне затрымалі больш за 120 чалавек, звязаных з тэрарыстычнымі групоўкамі, а таксама знайшлі схованкі са зброяй і выбухоўкай.

У сваю чаргу палестынскі бок, паведамляе пра рост ахвяраў, параненых і паніку жыхароў, якія ўцякаюць з Джэніна. Палестынскі Чырвоны Паўмесяц паведамляе аб эвакуацыі каля 3 000 пажылых людзей і інвалідаў.

Мяркуецца, што аперацыю ў Джэніне праводзяць некалькі тысяч ізраільскіх салдат. Армія таксама наносіць удары з беспілотнікаў.

IAR/аз