Беларуская Служба

Кіраўнік Мінабароны Украіны пра гібель 19 вайскоўцаў з Закарпацкай брыгады: вінаватыя будуць пакараныя

15.11.2023 07:40
Па выніках расследавання абставінаў трагічнага ракетнага ўдару, былі праігнараваныя ўсе правілы маскіроўкі.
Рустэм УмераўФота: Діана Давітян / wikipedia.org

Вінаватыя ў гібелі 19 вайскоўцаў 128-й Закарпацкай брыгады асобага прызначэння, якія загінулі ў выніку расійскай атакі 3 лістапада, будуць пакараныя, заявіў у аўторак міністр абароны Украіны Рустэм Умераў, якога цытуе «Украінская праўда».

«Галоўнае ўпраўленне Мінабароны праінфармавала мяне аб выніках расследавання абставінаў ракетнага ўдару», – сказаў Умераў. Па словах міністра, вайскоўцаў сабралі ў двары для ўзнагароджання.

«Былі праігнараваныя ўсе правілы маскіроўкі. Побач стаялі больш за дзесяць аўтамабіляў. У гэты час быў заўважаны расійскі выведвальны беспілотнік (...). Па ўсім рэгіёне была аб'яўлена паветраная трывога(...) Падчас цырымоніі ўзнагароджання ніякія меры аховы не прымаліся», – сказаў Умераў, дадаўшы, што расследаванне па гэтым факце праводзіцца Дзяржаўным бюро расследаванняў.

«Усе вінаватыя ў гэтай трагедыі будуць пакараныя згодна з законам», – дадаў міністр. Ён таксама звярнуўся да ўсіх камандзіраў з просьбай не ігнараваць элементарныя меры бяспекі.

Нагадваем, 3 лістапада ў адным з пасёлкаў Запарожскай вобласці, на лініі фронту, прайшла цырымонія ўзнагароджвання жаўнераў з нагоды Дня ракетных войскаў і артылерыі. У выніку расійскай атакі загінулі 19 вайскоўцаў.

IAR/аз