Расія пераможа, калі Захад зменшыць дапамогу Украіне. Калі ж дапамога будзе паступаць і надалей і ў большых аб'ёмах, чым сёння, Украіна зможа перамагчы. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы аналітыкаў амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
«Пазіцыйная» вайна паміж Украінай і Расіяй – гэта «не тупік» у выніку сучасных рэалій, а вынік лімітаў узбраення і тэхналогій, накладзеных Захадам самім на сябе, гаворыцца ў публікацыі Інстытута.
Цяперашні баланс сілаў «фактычна вельмі нестабільны» і можа лёгка быць зменены «у любым кірунку» праз рашэнні, прынятыя на Захадзе, піша аўтар заявы, Фрэдэрык Каган, навуковы супрацоўнік Амерыканскага інстытута прадпрымальніцтва і былы прафесар ваеннай гісторыі ў Вайсковай акадэміі ЗША ў Вест-Пойнце.
На ягоную думку, развязанне цяперашніх праблемаў як Украіны, так і Расіі на полі бою не патрабуе «вялікай тэхналагічнай рэвалюцыі з абодвух бакоў».
Здольнасць Украіны перашкодзіць расійскім сілам весці шырокамаштабную механізаваную вайну застаецца абсалютна залежнай ад прадаўжэння дапамогі Захаду, кажа Каган. Такім чынам, супрацьпаветраная абарона, артылерыя, сродкі супрацьтанкавай брані зʼяўляюцца экзістэнцыйнымі патрэбамі Украіны.
У выпадку спынення падтрымкі Украіны Захадам вынікам будзе не прадаўжэнне цяперашняй пазіцыйнай вайны, а хутчэй адкрыццё магчымасцяў для расіян аднавіць шырокамаштабныя механізаваныя наступальныя дзеянні «з добрымі перспектывамі поспеху», мяркуе Каган.
Лінія фронту, на ягоную думку, перастане быць статычнай. А найбольш верагодным сцэнарам зʼяўляецца тое, што расіяне зноў пачнуць адціскаць украінскія сілы, захопліваючы вялікія тэрыторыі Украіны, спусташаючы ўкраінскія гарады з паветра і, магчыма, цалкам нівелююць здольнасць Украіны ваяваць.
«Ёсць усе падставы меркаваць, што спыненне заходняй дапамогі Украіне дазволіць Расіі атрымаць ваенную перамогу», – перасцерагае эксперт.
З іншага боку, пашырэнне заходняй дапамогі Украіне магло б дазволіць украінскім сілам аднавіць манеўры на полі бою на ўласных умовах.
Захад павінен рэзка павялічыць колькасць бранятэхнікі, якую ён дае Украіне, мяркуе аўтар, каб стварыць умовы для паспяховых наступальных украінскіх аперацый.
Хартыя'97
нг