Беларуская Служба

Ізраіль і ХАМАС дамовіліся аб перамір'і ў Газе, гэта азначае, што баі спыняцца на некалькі дзён

22.11.2023 08:26
50 з 240 закладнікаў, якіх ХАМАС утрымлівае ў Газе паўтара месяца, выйдуць на свабоду.
    .
Дым ад выбухаў над Газай.Фота: PAP/EPA/ATEF SAFADI

Раніцай ізраільскі ўрад нарэшце пагадзіўся заключыць пагадненне, пасля сустрэчы з прадстаўнікамі ХАМАС. Раней аб згодзе на спыненне агню таксама заявілі ўсе палестынскія арганізацыі на чале з ХАМАС і Палестынскім ісламскім джыхадам.

Пагадненне азначае, што прыкладна 50 закладнікаў – жанчын і дзяцей, якія знаходзяцца ў Газе, неўзабаве вернуцца дадому. На працягу чатырох дзён рэжыму спынення агню ХАМАС кожны дзень павінен вызваляць па 12-13 закладнікаў. Абодва бакі на гэты час прыпыняць любыя ваенныя дзеянні. Узамен будуць вызваленыя прыкладна 150 палестынскіх жанчын і дзяцей, якія зараз знаходзяцца ў турмах Ізраіля.

Ізраільскія ўлады заяўляюць, што адновяць аперацыю ў Газе пасля спынення агню, але паўза ў абстрэлах можа быць падоўжаная, калі ХАМАС вызваліць больш закладнікаў. За кожныя дадатковыя 10 вызваленых ізраільскі бок пагаджаўся спыніць агонь яшчэ на суткі.

Калі ўступіць у сілу рэжым спынення агню, пакуль невядома. Чакаецца, што Катар абвесціць дату на працягу наступных сутак. Хутчэй за ўсё гэта адбудзецца ў ноч з серады на чацвер.

Згодна з пагадненнем, у Газу ўедзе значна большая колькасць грузавікоў з гуманітарнай дапамогай, медыкаментамі і палівам, чым раней. Ізраільскія СМІ таксама паведамлялі, што прадстаўнікі Чырвонага Крыжа прывязуць закладнікам неабходную дапамогу, у тым ліку лекі.

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху раней заявіў, што пагадненне не спыняе вайну, бо як толькі паўза закончыцца, ізраільскія вайскоўцы працягнуць знішчаць інфраструктуру ХАМАС і лідараў арганізацыі.

IAR/нг