Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан у лісце да прэзідэнта Еўрапейскай рады Шарля Мішэля заклікаў да «стратэгічнай дыскусіі» па Украіне. Ён шантажуе, што калі гэтага не адбудзецца, ягоны ўрад накладзе вета на ўсе рашэнні адносна ўкраінскай дзяржавы, якая ваюе супраць Расіі. Перадае карэспандэнт Польскага радыё Пётр Пентка.
- У спіс спраў, якіх урад Венгрыі не падтрымае ў выпадку невыканання яго патрабаванняў, увайшлі тры пункты. Першы: гэта пачатак перамоваў аб далучэнні да ЕС Украіны, другі: выплата чарговага траншу дапамогі і трэці: вета на 12-ты пакет санкцый у адносінах Расіі. У лісце Шарлю Мішэлю прэм’ер-міністр Орбан не ўдакладняе, пра што павінна ісці гаворка падчас стратэгічнай дыскусіі ўнутры ЕС на тэму Украіны. Ліст у адрас старшыні Еўрапейскай рады ўтрымлівае таксама сумненні наконт далейшай падтрымкі Украіны з боку амерыканцаў, а таксама пытанне, што здарыцца, калі не будзе амерыканскай падтрымкі. На ліст Орбана адрэагавала ўжо венгерская апазіцыя. У паведамленні для СМІ партыя «Momentum» напісала, што замест весці перамовы з Расіяй ды Кітаем, венгерскі прэм’ер павінен вярнуцца да добрых адносінаў з краінамі НАТА і Еўрапейскім Саюзам, у чым на самой справе зацікаўлена Венгрыя.
IAR/нг