Еўракамісія заявіла аб узмацненні санкцый ЕС супраць Беларусі пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Кая Калас, якая з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам Еўракамісіі, апублікавала заяву разам з камісарам па пытаннях пашырэння Мартай Кос. Тэму працягвае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка:
- Фіктыўныя выбары ў Беларусі - ні свабодныя, ні справядлівыя, гэта фрагмент заявы. «Беларусы заслугоўваюць таго, каб вырашыць пра тое, хто будзе кіраваць іхнай краінай», - напісалі кіраўнічка еўразвязаўскай дыпламатыі і камісар па пытаннях пашырэння ЕС. Сярод іншага, яны назвалі беспрэцэдэнтныя і пастаянныя рэпрэсіі, абмежаванні адносна ўдзелу ў палітычным жыцці і адсутнасць доступу да незалежных СМІ ў Беларусі. Усё гэта, як падкрэсліваюць Кая Калас і Марта Кос, пазбавіла выбарчы працэс легітымнасці. У заяве гаворка ідзе пра пашырэнне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, як за парушэнне міжнародных стандартаў, так падтрымку Расіі ў вайне супраць Украіны і гібрыдныя атакі на суседзяў.
Заяву вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы Каі Калас падтрымалі таксама краіны Паўночна-Балтыйскай васьмёркi (Nordic-Baltic Eight). У дакуменце, апублікаваным 26 студзеня адзначаецца, што краіны-ўдзельніцы «салідарныя з беларускім народам, які імкнецца да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі».
Паўночна-Балтыйская васьмёрка - рэгіянальны фармат супрацоўніцтва, у які ўваходзяць Данія, Ісландыя, Латвія, Літва, Нарвегія, Фінляндыя, Швецыя і Эстонія.
IAR/аз