Беларуская Служба

Politico: Маравецкі, Сікорскі і Туск у спісе еўрапейскіх «суфлёраў» Трампа

01.02.2025 08:01
Уплывовае выданне падзяліла спіс «суфлёраў Трампа» на тры катэгорыі: «Еўрапейцы MAGA (Make America Great Again)», «прагматыкі» і «аптымісты».
     -     --  .
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і прэм'ер-міністр Італіі Джорджыя Мелоні ў Мар-а-Лага ў Фларыдзе.Foto: Italian Government/Handout via REUTERS

Прэзідэнт Анджэй Дуда, былы прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі, прэм'ер-міністр Дональд Туск і міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі трапілі ў спіс еўрапейскіх «суфлёраў Трампа», падрыхтаваны парталам Politico. Узначаліла спіс прэм'ер-міністр Італіі Джорджыя Мелоні.

«Еўропа адкрыла для сябе новы від спорту: хутчэй за ўсіх наладзіць цесныя адносіны з (прэзідэнтам ЗША Дональдам) Трампам. Але ці сапраўды ён да кагосьці прыслухаецца? Ці ёсць хто-небудзь у Бруселі ці дзе-небудзь яшчэ ў Еўропе, хто сапраўды прыцягвае яго ўвагу? Палітыкі выстройваюцца ў чаргу, каб растлумачыць, чаму яны павінны падымаць складаныя пытанні з Трампам», — піша Politico.

Выданне падзяліла спіс «суфлёраў Трампа» на тры катэгорыі: «Еўрапейцы MAGA (Make America Great Again)», «прагматыкі» і «аптымісты».

Першае месца ў першай катэгорыі рэйтынгу заняла Мелоні, якую прэзідэнт ЗША назваў «фантастычнай жанчынай». Італьянка была адзіным кіраўніком еўрапейскай краіны на інаўгурацыі Трампа, а перад інаўгурацыяй наведала яго ў рэзідэнцыі Мар-а-Лага. «Жаданне Трампа сустрэцца з Мелоні сам-насам ставіць яе ў вышэйшую лігу, апярэджваючы прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона і канцлера Германіі Олафа Шольца», — падкрэслівае партал.

Аднак Politico адзначыла, што на шляху далейшага збліжэння Мелоні з Трампам існуе некалькі перашкод. Згадваюцца, сярод іншага, добрыя адносіны прэм'ер-міністра Італіі з папярэдняй адміністрацыяй у Вашынгтоне і нізкія выдаткі Італіі на абарону.

У катэгорыю «Еўрапейцы MAGA» патрапілі Маравецкі і Дуда. Выданне нагадвае, што Маравецкі назваў сябе «ідэальным пасярэднікам паміж ЗША і Еўропай» і быў запрошаны на інаўгурацыю Трампа. Дуда, у сваю чаргу, з'яўляецца адным з еўрапейскіх лідараў, больш вядомых амерыканскаму прэзідэнту, паколькі прэзідэнты шмат разоў сустракаліся падчас папярэдняга тэрміну Трампа.

«Хоць у Варшаве значна лепш, чым у Рыме, з пункту гледжання выдаткаў на абарону, саюзнікі Польшчы па MAGA пакуль гуляюць другую скрыпку. Цяпер вялікае пытанне ў тым, ці выйграе нехта з саюзнікаў Дуды і Маравецкага на прэзідэнцкіх выбарах у траўні», — піша Politico.

Туска і Сікорскага аднеслі да катэгорыі «прагматыкаў». «Яны не падыходзяць Трампу. Туск, як былы кіраўнік Еўрапейскай рады і праціўнік PiS, знаходзіцца ў канфлікце з польскімі саюзнікамі Трампа. Сікорскі, наадварот, атлантыст, а яго жонка Эн Эплбаўм — заўзяты крытык Трампа», — піша выданне.

Аднак Трампу давядзецца наладзіць кантакт з ключавымі гульцамі ў абароннай сферы Еўропы: тады любыя ідэалагічныя рознагалоссі можна будзе адкласці ў бок, мяркуюць журналісты.

У рэйтынг Politico таксама ўвайшлі, сярод іншага: кіраўнік НАТА Марк Рутэ, французскі ўльтраправы палітык Эрык Зэмур і кандыдат у канцлеры ад нямецкіх хрысціянскіх дэмакратаў Фрыдрых Мерц.

PAP/вх