Крэмль і Белы дом пакуль не пачыналі перамоў аб магчымай сустрэчы лідара Расіі Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, заявіў CNN прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.
Расійскі бок адзначыў, што лідары яшчэ загадзя не вызначылі, ці патрэбна іх сустрэча, а таксама дзе і як яна будзе праходзіць.
Reuters нагадвае, што ў чацвер кіраўнік камітэта Дзярждумы (ніжняй палаты парламента РФ) па замежных справах Леанід Слуцкі заявіў РІА «Новости», што сустрэча Трампа і Пуціна можа адбыцца ў лютым-сакавіку, і, што падрыхтоўка да амерыкана-расійскага саміту знаходзіцца на «прасунутай стадыі».
І Трамп, і Пуцін раней выказвалі гатоўнасць сустрэцца. Агенцтва Reuters паведаміла, што прэзідэнт ЗША хацеў бы падняць пытанне аб спыненні вайны паміж Расіяй і Украінай і, такім чынам, выканаць сваё перадвыбарнае абяцанне.
У пачатку барацьбы за гэтую пасаду кандыдат ад рэспубліканцаў запэўніваў, што скончыць вайну ў першыя дні, але калі ён перамог на выбарах, яго адміністрацыя і ён сам патлумачылі, што гэта адбудзецца ў першыя паўгода іх кіравання.
PAP/юл