Беларуская Служба

Алена Зяленская: Мы падтрымліваем стварэнне міжнароднай кааліцыі па вяртанні ўкраінскіх дзяцей з Расіі

02.12.2023 15:01
Пра гэта першая лэдзі Украіны заявіла падчас сустрэчы з журналістамі з азіяцкіх краін у апошнюю пятніцу.
Алена Зяленская на пятым Украінскім жаночым кангрэсеАвтор: President.gov.ua, CC BY 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=110705776

Мы падтрымліваем стварэнне міжнароднай кааліцыі для вяртання нашых дзяцей, выкрадзеных у Расію ў выніку агрэсіі Крамля. Прапанова аб стварэнні такога органа была прадстаўлена ўладамі Канады ў канцы кастрычніка, паведаміла ў размове з журналістамі з азіяцкіх краін жонка прэзідэнта Украіны Алена Зяленская.

Нагадваем, згаданую ініцыятыву канадскі бок прадставіў падчас сустрэчы 66 дзяржаўных дэлегацый на Мальце, прысвечанай мірнаму плану Кіева ў вайне з Расіяй. Мэтай міжнароднай кааліцыі павінен быць пастаянны маніторынг справы выкрадзеных дзяцей і ціск на Расію.

«Мы хочам, каб кожная краіна ў свеце, якая мае права голасу на міжнародных форумах, падтрымала стварэнне гэтай кааліцыі і падтрымала вяртанне ўкраінскіх дзяцей на радзіму», – падкрэсліла першая лэдзі Украіны.

Украінскія ўлады паведамляюць, што ўстанавілі асабістыя дадзеныя 19 546 дзяцей, вывезеных у Расію, з якіх на радзіму вярнуліся толькі 387.

Расія аспрэчвае гэтыя дадзеныя і заяўляе, што «эвакуіраваных» дзяцей можна вярнуць, калі іх сваякі прад'явяць «абгрунтаваную прэтэнзію». Аднак многія бацькі не ведаюць, куды вывезлі іх дзяцей, і таму працэс вяртання ідзе вельмі складана.

У Крамлі прызнаюць, што з лютага 2022 года, калі расійская армія ўварвалася ва Украіну, улады ў Маскве «прымалі» больш за 700 тысяч украінскіх дзяцей.

У сакавіку 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна за ваенныя злачынствы, звязаныя з незаконнай дэпартацыяй дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Міжнародны крымінальны суд таксама выдаў ордэр на арышт расійскага ўпаўнаважанага па правах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай, якую абвінавачваюць у тых жа злачынствах, што і Пуціна.

PAP/аз