Беларуская Служба

Улады Швецыі затрымалі судна, якое падазраецца ў пашкоджанні латвійскага кабеля ў Балтыйскім моры

27.01.2025 13:01
Кіраўнік літоўскай дыпламатыі Кестуціс Будрыс заклікае перагледзець правілы суднаходства ў Балтыйскім моры.
Сцяг ШвецыіPicudio/pixabay.com/CC0 Public Domain

Улады Швецыі затрымалі судна, якое падазраецца ў пашкоджанні кабеля ў Балтыйскім моры. Гаворка ідзе пра падводны оптавалаконны кабель паміж Латвіяй і Швецыяй. Здарэнне адбылося ўчора. Кіраўнік літоўскай дыпламатыі Кестуціс Будрыс заклікае перагледзець правілы суднаходства ў Балтыйскім моры.

Пракуратура ў Стакгольме абвясціла аб пачатку расследавання магчымай дыверсіі, а таксама аб арышце судна, якое падазраецца ў пашкоджанні падводнага кабеля. СМІ ў гэтай краіне паведамляюць, што гэта можа быць грузавое судна «Вежен», якое выйшла з расійскага порта Усць-Луга ў пятніцу і плавае пад сцягам Мальты.

Між тым, міністр замежных спраў Літвы Кестуціс Будрыс лічыць, што неабходна змяніць правілы адносна суднаў з якарамі. Як ён напісаў на партале Х, апошнім часам у Балтыйскім моры занадта шмат парушэнняў крытычнай інфраструктуры, каб гэта можна было лічыць аварыяй.

«Ценявы флот - гэта не толькі абыход санкцый. Гэта больш шырокая праблема, якая пагражае нашаму асяроддзю і крытычнай інфраструктуры», - кажа кіраўнік літоўскай дыпламатыі.



Учора ўлады Латвіі паведамілі, што раніцай быў пашкоджаны падводны кабель латвійскага Дзяржаўнага цэнтра радыё і тэлевяшчання (LVRTC) паміж Вентспілсам на ўзбярэжжы і Готландам у Швецыі. Шкода не прывяла да сур'ёзных праблем з выкарыстаннем Інтэрнэту.

IAR/аз

Пашкоджаны яшчэ адзін тэлекамунікацыйны кабель у Балтыйскім моры

26.01.2025 17:50
Гэтым разам гаворка ідзе пра злучэнне паміж латвійскім горадам Вэнспілс і шведскім востравам Готланд.