Беларуская Служба

Канцлагер у Маўтхаўзен-Гузен быў рэалізацыяй палітыкі знішчэння польскай эліты

05.05.2020 14:02
75 гадоў таму, 5 траўня 1945 году, амерыканскія войскі вызвалілі нямецкі канцэнтрацыйны лагер Маўтхаўзен-Гузен, які знаходзіўся на тэрыторыі Аўстрыі.
Аўдыё
  • Канцлагер у Маўтхаўзен-Гузен быў рэалізацыяй палітыкі знішчэння польскай эліты
Фрагмент былога канцлагеру сённяBy Autor nie został podany w rozpoznawalny automatycznie sposób. Założono, że to Maros (w oparciu o szablon praw autorskich). - Źródło nie zostało podane w rozpoznawalny automatycznie sposób. Założono, że to praca własna (w oparciu o szablon praw autorskich)., Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=937852

Гэта быў адзін з самых цяжкіх лагераў ІІІ Рэйху і адначасова адно з самых вялікіх месцаў забойства палякаў у часе Другой сусветнай вайны.

У Маўтхаўзене вязняў катавалі голадам, білі, прымушалі да нявольніцкай працы ў каменяломнях і падземных тунэлях, куды немцы перанеслі свае абаронныя фабрыкі. Як і ў іншых нацысцкіх канцлагерах, на вязнях праводзіліся псеўданавуковыя эксперыменты.

Эрык Габоўскі з Інстытуту Пілецкага падкрэслівае, што канцлагер Маўтхаўзен-Гузен з’яўляецца сімвалам злачыннай палітыкі ІІІ Рэйху ў дачыненні да палякаў. Эксперт тлумачыць, што заснаванне канцлагеру ў Гузен было рэалізацыяй палітыкі знішчэння польскай эліты:

-Гэта быў лагер не толькі трэцяй, найцяжэйшай катэгорыі, але гэта лагер, які рэалізоўваў нямецкую палітыку ў дачыненні да палякаў з першых гадзін акупацыі. Гэта палітыка вынішчэння элітаў – вайскоўцаў, прафесараў, пісьменнікаў, мастакоў, святароў. Нацысцкая Германія адмаўляе права на жыццё цэлым народам, паколькі іх палітыка не прадугледжвае асіміляцыі, максімальна – нявольніцкае выкарыстанне. Там, у каменяломнях, павінен быў вырашыцца лёс людзей, галоўным грахом якіх было толькі тое, што яны не былі нашчадкамі расы паноў. Гітлер кажа наўпрост: усе прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі павінны быць забітыя.

Гісторык, прафесар Ванда Яжомбэк нагадвае, што комплекс канцлагераў Маўтхаўзен-Гузен быў месцам, дзе нямецкі садызм дасягнуў свайго апагею. Прафесар Яжомбэк з’яўляецца прадстаўніком Польшчы ў Міжнароднай радзе Месца памяці Маўтхаўзен. Яна нагадвае, што асабліва канцлагер Гузен, размешчаны ў пяці кіламетрах ад Маўтхаўзену, быў жахлівым месцам пакуты і катаванняў:

-Тыя, хто выжыў, успаміналі, што эсэсаўцы, якія сачылі за яго будовай, казалі, што ўзнікае месца смерці польскай інтэлігенцыі. Яго першы кіраўнік Карл Хмілеўскі атрымаў мянушку «Д’ябал з Гузен». Ён быў не толькі праектантам канцлагеру, арганізатарам машыны смерці ў ім, але сам здзекаваўся над вязнямі і асабіста іх забіваў.

Першы транспарт з палякамі ў канцлагер Гузен прыбыў у траўні 1940 году з канцлагеру Дахаў. У наступныя гады сюды прывозілі палякаў з Сілезіі, а ў 1944 годзе туды скіравалі варшаўскіх паўстанцаў і жыхароў сталіцы. Прафесар Яжомбэк нагадвае, што да большасці палякаў ставіліся як да палітычных вязняў:

-Польскія вязні, прыгавораныя да няволі ў Гузен, належалі да розных палітычных сіл. Грамадскі склад вязняў, сярод якіх многія належалі да інтэлігенцыі, уплываў на паводзіны. У лагеры развіваліся розныя формы ўзаемнай адукацыі, узнікалі паэзія і музыка. Нягледзячы на вельмі строгую забарону праводзілася рэлігійнай практыка.Забойствы ў канцлагеры адбываліся ў выніку надзвычай прымітыўных умоваў жыцця і катаржнай працы. Большасць вязняў працавала ў каменяломах. Калі ўзнік лагер Гузен-2, то самымі цяжкімі былі працы ў падземных тунэлях. Вязняў тапілі, вельмі моцна білі, катавалі. Шмат вязняў паміралі ад страты сіл.

У 2013 годзе падчас памятных урачыстасцяў сваімі ўспамінамі дзяліўся Міхал Габас (памёр у 2016 годзе), які найперш трапіў у Аўшвіц, а пасля году яго перавезлі ў Маўтхаўзен-Гузен:

-Для майго ўзросту, пабачанае ў лагеры было нечым кашмарным. Перш за ўсё, як паміралі дзеці. Я і сам быў дзіцём, мне было 17 гадоў, калі мяне арыштавалі ў Кракаве.

Пад канец красавіка 1945 году, у сувязі з набліжэннем лініі фронту, значная частка эсэсаўцаў уцякла з лагеру. 5 траўня каля 17.00 на тэрыторыю лагеру ўвайшла амерыканская армія. Сярод вязняў запанавала эйфарыя – успамінаў у 2016 годзе Войцех Тапалеўскі, які ў часе Варшаўскага паўстання быў вывезены разам з бацькамі і сёстрамі ў Аўшвіц-Біркенаў, а пасля ў Гузен:

-Гучалі стрэлы, адчувалася атмасфера свабоды. У пэўным моманце мы чуем, што з боку брамы чуваць гул. Аказалася, што заехала амерыканская танкетка, а на ёй быў паляк. І мы памятаем, як ён крыкнуў: Хлопцы – вы свабодныя! Пачаліся крыкі на цэлы лагер. І ўсе нацыянальнасці зразумелі, што адбылося.

Маўнтхаўзен меў больш за 55 філіялаў, з іх самыя вялікія – гэта Гузен, Эбензэ і Мэльк.

Паводле падлікаў, праз Маўтхаўзен-Гузен прайшлі 335 тысяч чалавек – мужчын, жанчын і дзяцей. Памерлі ад 71 да 122 тысяч, з іх больш за 28 тысяч польскіх грамадзян. Палякі складалі каля 25% усіх вязняў і былі самай вялікай нацыянальнай групай.


ав