Каб падзякаваць тым, хто прысвячаў сябе беларускай справе
Ініцыятарам правядзення галасавання за лепшую ініцыятыву года выступіла беларуская фундацыя ў Познані «Кут». Паводле сябраў фундацыі, адыходзячы год выдаўся багатым на беларускія мерапрыемствы. Яны палічылі, што ў Познані ўжо столькі беларускіх ініцыятыў, арганізацый і гурткоў, што варта падзякаваць тым, хто прысвячае сябе беларускай справе. Таму, маўляў, і вырашылі абраць і ўзнагародзіць лепшых.
Напачатку, як згадваюць арганізатары, была задумана прэмія, і хацелі абраць толькі адну ініцыятыву, але потым вырашылі пакінуць розныя ініцыятывы ў намінацыях «Лепшая ініцыятыва» і «Новае пачынанне».
На думку арганізатараў, у такім выпадку ў тых, хто возьме ўдзел у галасаванні, не будзе блытаніны і складанага выбару. Выключэннем сталі беларускія «Танцы ў Пазнаньцы». Яны, паводле арганізатараў галасавання, настолькі сёлета актыўнічалі і былі заўважнымі, што іх давялося прызнаць канкурэнтамі ў дзвюх намінацыях адразу.
Што датычыцца актывістаў, то было прапанавана даволі шмат прозвішчаў, і для галасавання пакінулі ўсе, якія на той момант былі заяўленыя.
Напачатку існавала прапанова наконт абрання кавярні года, але беларуская кавярня ў Познані толькі адна, а таму не мела сэнсу рабіць асобную намінацыю. Фанам беларускай кавярні прапанавалі галасаваць за яе ў намінацыі «Ініцыятыва года».
Дарэчы, са спазненнем паступіла прапанова прагаласаваць у асобнай намінацыі за лепшага фатографа года, паколькі сярод беларусаў у Познані іх ёсць некалькі. На жаль, такой намінацыі сёлета яшчэ не было.
Лепшая ініцыятыва года – «МЫ»
Тым часам па выніках галасавання лепшай ініцыятывай года прызнана каманда кавярні “МЫ”. Яе гаспадары — Наста і Мікіта. Абодва кажуць, што для іх гэта нечакана і вельмі прыемна. Кавярня пачала працаваць чатыры гады таму, калі ў Познань пасля падзеяў 2020 года пачалі прыязджаць беларусы.
Мікіта распавядае, што з самага пачатку існавання іх установы не было такога плану, каб рабіць нешта адмыслова беларускае. Проста тут пачалі збірацца беларусы, каб сустрэцца і паразмаўляць. Потым пачалі ладзіць мерапрыемствы, канцэрты, праводзіць майстар-класы, бо не ставала той Беларусі. Пры гэтым мерапрыемствы ладзіліся як для дарослых, так і для дзяцей. І кожны беларус у Познані, у прынцыпе, ведае пра існаванне кавярні «МЫ».
— І калі чалавек прыязджае першы раз у незнаёмую краіну, не ведае, куды ісці і што рабіць, то менавіта тут знаходзілі шмат сяброў і людзей, якія дапамагалі рознымі парадамі, кансультацыямі. Я праз гэта прайшоў і разумею, што значыць быць тут госцем, а цяпер яшчэ і гаспадаром.
Паводле Мікіты, кавярня хутчэй нагадвае не бізнес-праект, як гэта бывае звычайна, а праект сацыяльны. Тым не менш, як заўважае суразмоўца, у іх можна паесці, выпіць кавы і нечага іншага.
— Мы намагаемся, каб у нас былі беларускія стравы. Зараз імкнёмся, каб была заўсёды якасная кава, гарбата, піва, віно. І ў нас заўсёды можна з’есці беларускія дранікі.
— Ці часта да вас прыходзяць палякі, украінцы?
— Мне здаецца, што ў выходныя дні ўкраінцаў і беларусаў тут пяцьдзясят на пяцьдзясят. Зразумела, што на беларускія канцэрты прыходзіць больш беларусаў. Палякі часцей наведваюцца ў буднія дні, і пераважна моладзь. Адна з нашых першых мэтаў была наладзіць тут жывую інтэграцыю паміж палякамі, беларусамі і ўкраінцамі. Каб у нас была агульная прастора нешта разам паглядзець, паслухаць, абмеркаваць, наладзіць кантакты. І гэта атрымліваецца вельмі добра, чым мы заўсёды ганарымся.
Прыемна, калі тваю працу заўважаюць…
Лепшае пачынанне года — «Танцы ў Пазнаньцы» і дзявочы гурток «Гаманіна».
Наста, прафесійная танцорка і разам са Святланай Лясовіч пачалі арганізоўваць першымі ў Познані беларускія народныя танцы. Улетку яны адбываліся на цэнтральнай плошчы горада, было шмат гледачоў сярод палякаў. І вось яе ініцыятыва прызнана беларусамі лепшым пачынаннем года. Сама Наста сціпла заўважае, што арганізоўвала танцы не адна, ёй заўсёды дапамагалі.
— Канешне, гэта прыемна, бо мы шмат сілаў і часу ўклалі ў тое, што робім. Нам вельмі падабаецца тое, што мы робім, і прыемна, што нашу працу заўважаюць. І наогул я атрымліваю падтрымку ад людзей. Узнагароды тут не галоўнае, а галоўнае, што людзі да нас прыходзяць, атрымліваюць задавальненне, для іх гэта карысна.
— А якую ўзнагароду атрымалі?
— Нам далі падарункавы сертыфікат і ўручылі прыгожую статуэтку.
За што я галасавала?
А вось пытаюся ў адной са спадарынь, якая пастаянна ходзіць займацца танцамі, за якую ініцыятыву яна галасавала.
— Безумоўна, я галасавала за беларускія танцы. Гэта для мяне вельмі нечаканая ініцыятыва, і я вельмі хацела, каб яна была ў Познані, бо вельмі люблю танцаваць. І гэта сапраўды гадзіна ў тыдзень, калі я магу прысвяціць сабе.
— А што яна вам дае?
— Адпачынак. Я сапраўды аб усім забываю. Тут файныя людзі, і гэта не проста пахадзіць па горадзе альбо займацца бегам — гэта такая і эмацыйная, і фізічная зарадка.
Спадарыня Алена наогул хваліць ініцыятыву падводзіць штогод вынікі і вызначаць лепшых. На яе думку, гэта вельмі слушна зроблена. Цікаўлюся ў яе, за якую ініцыятыву яна аддала свой голас.
— Я галасавала за «Танцы ў Пазнаньцы», бо лічу, што дзяўчаты насамрэч малайчынкі. І гэта таксама яшчэ адна прастора, дзе беларус можа знайсці сябе, паглыбіцца ў гісторыю, пашырыць свае веды і захаваць традыцыі.
Цікаўлюся ў спадарыні Юлі, якой ініцыятыве яна аддала свой голас і чаму.
— За што я галасавала? За школку беларускую. Для мяне гэта самае важнае. Беларусамі мала нарадзіцца, беларуса трэба ў сабе вырасціць. І тое, што мы маем тут магчымасць у эміграцыі расціць беларусаў — для мяне гэта самае важнае. І за беларускія танцы галасавала, бо там файная тусоўка і вельмі прыязная вясёлая атмасфера.
А вось Іван аддаў свой голас гульні «Мафія». Кажа, што апошні раз гуляў у яе яшчэ ў Беларусі, а таму застаўся вельмі задаволены.
— Там заўсёды весела і такая паўспартыўная гульня. Так, як тут гуляем, я раней ніколі не гуляў, вельмі цікавы досвед атрымліваеш. Хаця я гуляў у розныя настолкі, але тая “Мафія», у якую я раней гуляў, вельмі адрозніваецца. Звычайна на гульню прыходзіць чалавек па пятнаццаць, і мы гуляем недзе па пяць гадзін раз у тыдзень ці раз на два тыдні. Цэлы вечар там сядзім, і потым выходзіш адтуль, як выціснуты. Але вельмі цікава.
А Ягор галасаваў за «Пакой 202». Кажа, што там шмат яго сяброў, цікавыя мерапрыемствы і вельмі адмысловая атмасфера. І дадае, што дзякуючы праведзенаму галасаванню даведаўся пра шмат якія беларускія ініцыятывы ў Познані, пра якія раней нават нічога не чуў.
— Акрамя гэтага там заўсёды можна спаткаць майго добрага сябра Арсенія — ён стаў актывістам года, і я за яго галасаваў. Насамрэч у спісе было шмат ініцыятыў, пра якія я наогул нічога не ведаў. Таму мне здаецца, што трэба больш паказваць беларускія ініцыятывы, каб пра іх ведалі не толькі тыя, хто туды ходзіць, але і астатнія беларусы, якія жывуць у Познані.
Дадам, што актывіст года — Арсеній Таўстагузаў, які прадстаўляе праект «Пакой 202». А валанцёрамі года сталі Саша і Жэня.
Дадам, што актывістам года прызнаны Арсеній Таўстагузаў з Пакоя 202. Валанцёрам года абралі Сашу і Жэню. А вось імпрэзай года прызнана Купалле, арганізаванае пры ўдзеле Пакоя 202 і Technodzik Hackerspace. Дарэчы, гэта было незабыўнае гледзішча на беразе Варты. За ім наглядала і шмат палякаў, якія стаялі на мосце і фатаграфаалі гэтую дзею. Узнагарода заслужана накіроўвалася ва ўтульную прастору DKS.
А яшчэ абралі мясцовага жыхара года, які найбольш цесна супрацоўнічаў з беларускімі ініцыятывамі. Ім стаў пан Ярэк з Галерэі Ежы Петровіча, дзе часта адбываюцца беларускія імпрэзы.
Ну і адрасам года ў Познані прызнаны — Kramarska 32 , дзе і месціцца фундацыя КУТ.
Павел ЗАЛЕСКІ