Выданне Fakt паведамляе, што на стале старшыні Упраўлення сацыяльнага страхавання (Zakład Ubezpieczeń Społecznych – ZUS) некалькі месяцаў ляжыць справаздача, падрыхтаваная экспертамі па пенсійнай сістэме. Яна была створана па замове былой старшыні, прафесара Гертруды Усціньскай, але апублікаваная толькі пад ціскам СМІ. У дакуменце рэкамендуюць, у прыватнасці, зраўняць пенсійны ўзрост жанчын і мужчын. Калі б урад прыслухаўся, полькам давялося б працаваць да 65 гадоў.
Эксперты, сярод якіх доктар Томаш Лясоцкі (Tomasz Lasocki) і доктар Яніна Пэтэльчыц (dr Janina Petelczyc), падрыхтавалі справаздачу "Добраахвотная беднасць". Яна аналізуе сітуацыю прадпрымальнікаў і крытыкуе ідэю добраахвотных узносаў. Паводле дакументу, цяперашняя сістэма ільгот вядзе да мінімальных пенсій для ІП, да якіх давядзецца даплачваць дзяржаве. Асабліва дрэнная сітуацыя жанчын, бо ніжэйшы пенсійны ўзрост і розніца ў заробках могуць прывесці да вялікай розніцы ў памеры пенсій.
Сярод рэкамендацый – падвышэнне пенсійнага ўзросту жанчын. Як сцвярджаюць эксперты, ніжэйшы ўзрост зніжае памер выплат і павялічвае нагрузку на бюджэт.
Гэта ўжо другі дакумент, які падкрэслівае неабходнасць зраўняць пенсійны ўзрост. Раней Міжнародны валютны фонд прапанаваў не толькі зраўняць, але і павысіць узрост для ўсіх.
Міністр сям'і Агнешка Дземяновіч-Бонк (Agnieszka Dziemianowicz-Bąk) выступіла катэгарычна супраць павышэння ўзросту выхаду на пенсію. У Еўропе пенсійны ўзрост жанчын ніжэйшы за мужчынскі ў Польшчы, Албаніі, Малдове, Украіне і Беларусі.
нг