У выніку прац будзе праведзена перапахаванне ахвяр, і будзе створаны ў будучыні мемарыял памяці.
Гэта адзін з вынікаў шматгадовай працы Фонду, які займаецца з 2005 году дапамогай палякам, якія жывуць у розных краінах Усходняй Еўропы, і даглядае польскую спадчыну на тэрыторыях, якія ўваходзілі ў склад Першай і Другой Рэчы Паспалітай. З 2013 года WiD праводзіць пошукава-эксгумацыйныя работы ва Украіне. За гэты час Фонду ўдалося знайсці, эксгумаваць і годна пахаваць 138 суайчыннікаў.
У чэрвені 2022 года Фонд падаў заяўку на дазвол на пошук польскіх ахвяр АУН УПА ў мястэчку Пузьнікі ва ўкраінскія органы. Пасля атрымання першага дазволу Фонд пачаў пошукі ды знайшоў месца масавага пахавання. Гэта адбылося ў жніўні 2023 года. У тым жа годзе WiD падала заяўку на дазвол на эксгумацыю ахвяр. На пачатку бягучага году Фонд атрымаў дазвол на эксгумацыю ахвяр.
Пра тое, як удалося атрымаць гэты дазвол, і які аб’ём прац чакае польскіх спецыялістаў у красавіку бягучага году, мы паразмаўлялі з віцэ-старшынём Фонду «Свабода і дэмакратыя» Мацеем Данцэвічам.
- Тэма Пузьнікаў, злачынства, якое там адбылося, уздымаецца, як мінімум, з 2008 году, калі неіснуючая ўжо Рада аховы памяці і пакутніцкай барацьбы планавала правесці ў гэтым месцы пошукавыя працы. Увогуле гэтая тэма загучала на пачатку 2000-х гадоў, калі скаўты з Лодзінскай харугвы ZHP праводзілі ўборку тэрыторыі вакол даўнішніх могілак. Цяпер Вы не знойдзеце Пузьнікі на мапе, сёння мясцовасці насамрэч не існуе. Вёска была знішчана і фактычна адміністрацыйна адносіцца да суседняй вёскі, цяпер гэта Садовае, а перад вайной гэтая вёска называлася Навасёлка Карапецкая. Таму, каб увогуле ўзяцца за справу, трэба было прыбраць месца, дзе была тая вёска, асабліва могілкі. Ужо маючы доступ да месца, мы пачалі дамагацца дазволу на пошукавыя працы, а ў канчатковым выніку і эксгумацыю. Гэты этап пачаўся ў чэрвені 2022 году, калі мы звярнуліся ў Міністэрства культуры Украіны з пытаннем, ці могуць польскія археолагі, польскія спецыялісты і ўвогуле польская арганізацыя праводзіць такую дзейнасць. У лістападзе мы атрымалі ліст з папярэдняй згодай, але нам быў прадстаўлены цэлы спіс правіл, якія трэба выконваць, і патрабаванне мець украінскага партнёра, які мае дазвол на правядзенне эксгумацыйных або археалагічных работ.
Хто стаў Вашым партнёрам з украінскага боку?
- Наш партнёр - гэта аб’яднанне «Валынскія старажытнасці» з Луцка. Гэта археолагі, якія ўжо працавалі з польскім бокам у мінулыя гады, у тым ліку: у славутых Астраўках на Валыні, калі былі эксгумаваныя амаль 300 чалавек. Гэта якраз былі сумесныя польска-ўкраінскія дзеянні, дзе ўкраінскім партнёрам былі менавіта «Валынскія старажытнасці», якія, дарэчы, у наступныя гады таксама супрацоўнічалі з польскімі ўстановамі, ці то з былой Радай аховы памяці і пакутніцкай барацьбы, ці то з Міністэрствам культуры, ці то з польскім Інстытутам нацыянальнай памяці. Так што гэта вядомы партнёр, добразычлівы да нас, да таго ж яны выдатныя прафесіяналы.
Наколькі я разумею, што вам спатрэбілася два гады, каб прайсці праз усе фармальнасці, і атрымаць згоду.
- Так, з пачатку ўкраінскі партнёр падае дакументы на самым нізавым узроўні, спачатку атрымлівае такую згоду, гэта значыць, па-польску я б сказаў, на ўзроўні гміны. У дадзеным выпадку гэта грамада Карапец. Пазней трэба звяртацца вышэй, гэта значыць у Цярнопаля, бо гэта цяпер Цярнопальскі раён, а потым у самым канцы да т.зв. Міжнароднай камісіі памяці ахвяр войнаў і палітычных рэпрэсій у Кіеве. На гэтым апошнім этапе вы атрымліваеце канчатковую згоду, так што гэта як трохэтапны працэс. Згода нумар адзін, гэта значыць спачатку дазвол шукаць. І такую згоду мы атрымалі ў красавіку 2023 года, пачалі працаваць. Праз месяц ці каля таго, 24 траўня польская і ўкраінская брыгады прыбылі на месца былых Пузьнікаў і там мы пачалі пошукавыя працы, якія цягнуліся амаль два месяцы.
Што Вам удалося знайсці?
- Праца была складаная па многіх прычынах, па-першае, каб знайсці такую магілу, патрэбна нейкая кропка адліку. У нас былі мапы, прынамсі, тры, нарысаваныя сведкамі таго злачынства, якія тады былі падлеткамі, бо толькі такія сведкі засталіся жывыя. Іх сведчанні тычыліся пэўных, назавём іх стратэгічных месцаў. Напрыклад, дарогі, быў нейкі надмагільны помнік, тое, што яны памяталі. Яны не бачылі таго з часоў вайны, а цяпер гэтых рэчаў не існуе. Таму мы даволі доўга шукалі гэтае месца ў складаных умовах надвор'я, ды яшчэ і тапаграфічных, бо цяпер гэта практычна лес. Мы знайшлі патрэбнае месца амаль праз паўтара месяца працы.
Што дапамагло? Вам пашанцавала, ці дала плён карпатлівая праца?
- Мы ішлі крок за крокам, спрабуючы абапірацца на тое, што захавалася. Мы шукалі старую дарогу, да вайны там была брукаваная і нам проста трэба было яе адшукаць. Знайшоўшы дарогу, мы ўжо ведалі, дзе мы знаходзімся, і пачалі крок па кроку рабіць кантрольныя раскопкі, якія нагадваюць невялікую траншэю. Здымаецца верхні пласт і адмысловец вызначае, ці тут жылі людзі, ці яго ніхто ніколі не чапаў. Так мы завузілі раён пошукаў, бо мы шукалі магілу. Гэта ўмоўная назва, таму што насамрэч гэта проста яма з астанкамі, у якую фактычна кідалі людзей, таму што іх нават не хавалі, там не было належнага пахавання. Тая яма была, па маіх успамінах, метраў 12 у даўжыню, і два метры ў шырыню. І пакуль гэтыя работы вяліся, дадзеная тэма пачала набываць усё большы розгалас і ўсё часцей з’яўляцца ў розных СМІ, тады сваякі пахаваных таксама пачалі паведамляць, што побач, зусім побач, у некалькіх метрах ад вялікай ямы павінна быць яшчэ адна меншая яма. Мы знайшлі месца памерам 4 на 5 метраў больш-менш, дзе на глыбіні недзе паўметра ад зямлі, аказаліся парэшткі людзей, якія яўна не былі там пахаваныя звычайным спосабам, як на могілках. Яны проста ляжалі адзін на адным. Мы паднялі першы і другі пласт. У першым было 5 чэрапаў, а пад косткамі былі наступныя, то бок наступны пласт. Нам нельга было пашыраць раскопкі, таму што выманне астанкаў азначае, што мы ўжо ўваходзім у наступны этап, то бок эксгумацыю. Але нашы даследаванні сведчаць, што гэта ваенная магіла, у дадзеным выпадку масавае пахаванне людзей, якія былі забітыя, загінулі ў выніку раптоўнай смерці.
Вы бачылі сляды ад куль?
- Гэта былі хутчэй удары тупым інструментам, молатам ці сякерай. У нас там былі антраполаг і археолаг, якія пасля таго, як выявілі першы чэрап, ужо змаглі вызначыць, што гэта за траўма. Калі мы ўбачылі яшчэ пласт пад імі, можна было меркаваць, што гэта ахвяры вайны і, напэўна, тыя, каго мы шукалі, на мой погляд, на 99%.
Цяпер у красавіку, што канкрэтна вы будзеце рабіць ва Украіне. На вашай старонцы згадваецца, што ў эксгумацыі будзе ўдзельнічаць Інстытут нацыянальнай памяці, а таксама Паморскі медычны ўніверсітэт. Якая іх роля?
- Партнёры, якія будуць працаваць з намі ў красавіку бягучага года, ужо раней працавалі з намі падчас пошуку. Падчас пошукаў былі таксама спецыялісты Паморскага медычнага ўніверсітэту са Шчэціна, таксама быў назіральнік з Інстытуту нацыянальнай памяці, і таксама працы вяліся пад эгідай і назіраннем, бо там фізічна быў прадстаўнік Міністэрства культуры. І цяпер будзе падобна.
Вам спатрэбіцца цяпер вялікая каманда, каб апрацаваць такое вялікае пахаванне. Патлумачце, што робіцца падчас такой эксгумацыі?
- Пасля атрыманага дазволу мы зможам пачаць значна большую працу, якой з'яўляецца эксгумацыя. Трэба будзе задзейнічаць каля 20 чалавек, польскіх спецыялістаў, археолагаў, з удзелам, вядома, украінскага партнёра. Праца палягае на тым, каб з гэтай ямы вымаць шкілеты, костка за косткай, раскопваючы ўсю магілу. Спачатку падымаецца ўвесь першы пласт і потым з гэтага першага пласта, калі яма ўжо раскрытая і сфатаграфаваная, вымаюцца наступныя шкілеты. Антраполаг вымае костка за косткай, кладзе на спецыяльны стол і прафесійна апісвае, вызначаючы ўзрост ды пол, і віды траўмы. Калі ёсць нейкія прадметы, яны таксама ўносяцца ў каталог, кладуцца ў асобны пакет, і надаецца нумар, прысвоены гэтаму канкрэтнаму шкілету. Пазней астанкі фатаграфуюцца, усё гэта будзе ўключана ў справаздачу. Астанкі пакладуць у труну, у дадзеным выпадку ў невялікую труну. Усе труны пакладуць потым, пасля завяршэння ўсіх работ, у магілу. Гэтая магіла будзе знаходзіцца на месцы могілак у Пузьніках, у неіснуючай ужо вёсцы, ад якой засталіся толькі могілкі, дзе былі пахаваныя тамтэйшыя жыхары. Пазней, гэта будзе наступны этап перамоў, там з’явіцца памятнае месца, мемарыял.
На дадзеным момант вядомы спіс каля 80 чалавек, якія былі там забітыя, іх імёны ёсць на двух помніках у цяперашняй Польшчы, дзе апынуліся былыя жыхары Пузьнік пасля 1945 года і сімвалічна ў гэтых двух гарадах яны ўшанавалі памяць сваіх забітых блізкіх. Гэта Емясловіцы каля Прудніка ў Апольскім ваяводстве і Ратавіцы каля Уроцлава.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч