У Польшчу вяртаюцца даўно забытыя хваробы. Прычына – людзі не праходзяць вакцынацыі і не прышчэпліваюць сваіх дзяцей. У сярэдзіне сакавіка ў Польшчы быў зафіксаваны першы з 2001 году выпадак дыфтэрыі — інфекцыйнай хваробы, якую ў Еўропе амаль што знішчылі дзякуючы прышчэпкам. Сёння ў гістарычнай рубрыцы мы раскажам пра тое, як у мінулым людзі масава паміралі ад дыфтэрыі і як з ёй змагаліся.
Паводле гісторыкаў, у другой палове 19-га стагоддзя ў Еўропе смяротнасць ад дыфтэрыі складала 40 чалавек на 100 тыс. Даныя прыкладныя, бо ў той час медыцынская статыстыка адсутнічала. У Польшчы рэгістрацыя захворванняў была ўведзеная ў 1919 годзе - адразу пасля таго, як краіна зноў стала незалежнай. У 1920-я гады штогод рэгістравалася некалькі тысяч выпадкаў дыфтэрыі, а ў 1930-я - яшчэ больш - каля 20 тыс. у год.
Прафесар Людвік Гіршфельд. 1933 год
У 1930 годзе па ініцыятыве вядомага польскага лекара, бактэрыёлага і імунолага, прафесара Людвіка Гіршфельда (1884-1954 г.г.) пачалася вакцынацыя дзяцей супраць дыфтэрыі. Перад Другой сусветнай вайной было прышчэплена амаль 2 млн малых пацыентаў. Аднак у выніку вайны і пасляваеннай разрухі хвароба вярнулася з вялікай сілай. Так, падчас эпідэміі ў 1951-1954 гадах штогод рэгістравалася 40 тыс. выпадкаў дыфтэрыі.
У бальніцы Кракава. 1943 год
У 1954 годзе ў ПНР стартавала праграма масавай вакцынацыі дзяцей, у сувязі з чым пачало назірацца рэзкае зніжэнне захворвання. У 1962 годзе было зарэгістравана менш за 5 тыс. выпадкаў, а з 1970-х гадоў паведамлялася толькі аб адзінкавых выпадках дыфтэрыі.
Першы эфектыўны прэпарат супраць дыфтэрыі распрацаваў у 1890 годзе нямецкі бактэрыёлаг Эміль Адольф фон Берынг (1854-1917 г.г.), вучань Роберта Коха. Разам з японцам Кітасатай Сібасабурай (1853-1931 г.г.) ён апісаў метад атрымання сыроваткі з утрыманнем антыцелаў, якія можна выкарыстоўваць для лячэння дыфтэрыі і слупняку.
Эміль Адольф фон Берынг. 1896 год/National Library of Medicine - National Institutes of Health/public domain
За гэтае дасягненне ў 1901 годзе Берынг атрымаў першую ў гісторыі Нобелеўскую прэмію па фізіялогіі і медыцыне.
А вось першая вакцына супраць дыфтэрыі была распрацаваная французскім навукоўцам Гастонам Рамонам у 1923 годзе на аснове працаў фон Берынга і Сібасабуры.
Дыфтэрыя – гэта небяспечнае інфекцыйнае захворванне, якое выклікае бактэрыя Corynebacterium diphtheriae (бацыла Лёфлера альбо дыфтэрыйная палачка). Часцей за ўсё хвароба ахоплівае ротаглотку, але нярэдка закранае гартань, бронхі, скуру і іншыя органы. Інфекцыя перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Магчымы таксама кантактна-бытавы шлях перадачы, асабліва ў гарачых рэгіёнах, дзе часта сустракаюцца скурныя формы дыфтэрыі.
Хвароба небяспечная тым, што ў пацыента з’яўляецца моцны ацёк і звужэнне дыхальных шляхоў, а таксама тым, што моцны дыфтэрыйны таксін, які выдзяляе дыфтэрыйная палачка, можа пашкодзіць нервовую сістэму і сэрца.
Пры рэспіраторнай дыфтэрыі ўзровень смяротнасці складае 5-10%, з больш высокай рызыкай у дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў і дарослых, старэйшых за 40 гадоў, а таксама ў людзей, у якіх у выніку хваробы з’явіцца міякардыт або моцны ацёк шыі.
Смяротнасць таксама ўзрастае, калі лячэнне хваробы пачынаецца позна, таму лекары падкрэсліваюць, што вельмі важна ўвесці хвораму анатаксін як мага хутчэй пасля з'яўлення сімптомаў. Дарэчы, гэты метад таксама быў распрацаваны Берынгам. Толькі ў такім выпадку можна будзе нейтралізаваць таксін, які выпрацоўваецца бактэрыямі.
Пры інвазіўнай форме захворвання смяротнасць узрастае ў разы і дасягае 30-40%. Варта адзначыць, што перанесеная дыфтэрыя не дае ўстойлівага імунітэту і толькі прышчэпкі мінімізуюць рызыку цяжкага захворвання і смерці.
Першапачаткова сімптомы дыфтэрыі ўключаюць невялікае павышэнне тэмпературы цела, хваравітасць у горле, агульную слабасць, боль у галаве, ацёчнасць і пачырваненне міндалін ды павелічэнне шыйных лімфавузлоў. У пазнейшай стадыі з’яўляюцца высокая тэмпература, праблемы з дыханнем, а таксама грыбковыя і гнойныя налёты ў горле ды на міндалінах. Могуць таксама з’явіцца праблемы са зрокам і глытаннем, збой сардэчнага рытму і нават параліч канечнасцяў. Пры скурнай форме можа ўзнікнуць хранічная язва.
Дыфтэрыйная палачка пад мікраскопам
Дыфтэрыйная палачка – гэта касмапалітычная бактэрыя, якая сустракаецца ва ўсім свеце. Дзякуючы праграмам вакцынацыі супраць дыфтэрыі гэтае захворванне ў развітых краінах было практычна ліквідаванае. Калі дыфтэрыя там сустракаецца, то толькі тады, калі нехта наведаў краіны, дзе ўзровень вакцынацыі значна ніжэйшы. Эндэмічныя агмені дыфтэрыі, часам у выглядзе невялікіх эпідэмій, сустракаюцца ў Індыі, Паўднёва-Усходняй Азіі, Лацінскай Амерыцы, Карыбскім басейне і Афрыцы на поўдзень ад Сахары.
Аднак у Еўропе дыфтэрыя зноў вяртаецца, і прычына – у актыўнасці руху антываксераў, прадстаўнікі якога сцвярджаюць, што прышчэпкі нясуць пагрозу людзям. Вакцынацыя супраць дыфтэрыі ў Польшчы з'яўляецца абавязковай - дзеці павінны атрымаць чатыры дозы вакцыны ў першыя месяцы жыцця і бустэрныя дозы ў 6, 14 і 19 гадоў.
Аднак, паводле навукоўцаў, за апошнія пяць гадоў у Еўропе колькасць ухіленняў ад абавязковай вакцынацыі вырасла амаль удвая - з 48 тыс. 600 выпадкаў у 2019 годзе да 87 тыс. 300 у 2023 годзе.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл