Амаль 20% падлеткаў у Польшчы сустрэліся з асобай, з якой яны пазнаёміліся ў інтэрнэце.
Ужо некаторы час, асабліва з моманту пандэміі, прысутнасць дзяцей у Інтэрнэце ўзмацнілася. Безумоўна, гэта крыніца ведаў і магчымасці наладжвання кантактаў і сяброўства з людзьмі з усяго свету, але сеціва таксама можа прадстаўляць пагрозу.
Адной з гэтых пагроз з'яўляюцца грумінг (інакш заляцанні) і секс-шантаж. Яны і сталі тэмай грамадскай кампаніі #wiemcorobić Таварыства сяброў дзяцей.
Таварыства сяброў дзяцей — агульнанацыянальная арганізацыя, створаная ў 1919 годзе, яна больш за 100 гадоў дапамагае дзецям і стараецца, каб гэтая дапамога адпавядала іх сучасным патрэбам. Арганізацыя на працягу ўсёй сваёй гісторыі дапамагала ахвярам вайны, сіротам вайны, дапамагала дзецям працоўных, была перадавіком у забеспячэнні адукацыі дзяцей з сельскай мясцовасці, у нарматыўных актах аб усынаўленні. Арганізацыя стварала выхаваўчыя ўстановы, дзе штодзённа быў наладжаны догляд за дзецьмі з цяжкіх сем’яў.
Таварыства сяброў дзяцей кіруе тэлефоннай і чат-лініяй дапамогі дзецям і моладзі. Адтуль, а таксама з размоў з дзецьмі ў выхаваўчых установах спецыялісты ведаюць, што дзеці вельмі часта сутыкаюцца з гвалтам сексуальнага характару ў інтэрнэце. Гаворка пра дзяцічы грумінг і секс-шантаж.
Пра гэта мы размаўляем з генеральным сакратаром Таварыства сяброй дзяцей Ялантай Шклярскай. Спадарыня Яланта, гэтыя дзве з’явы сталі тэмай грамадскай кампаніі, якую Таварыства сяброў дзяцей распачала ў лістападзе мінулага года. Раскажыце, у чым заключаюцца дзіцячыя грумінг і секс-шантаж:
- Дзіцячы грумінг - гэта маніпуляцыя, заляцанне, якое ажыццяўляецца дарослым у адносінах да дзіцяці, якое пачынаецца вельмі нявінна, і звычайна мэта такіх дзеянняў - арганізаваць сустрэчу з дзіцём у рэальным жыцці з мэтай сексуальнай эксплуатацыі або выкарыстання ў парнаграфіі. У сваю чаргу секс-шантаж прадугледжвае вымагальніцтва фатаграфій і інтымных матэрыялаў у дзяцей з мэтай іх шантажу, пагражаючы абнародаваннем гэтых матэрыялаў, калі не будуць выкананы патрабаванні. Гаворка ідзе аб выманьванні фінансавай выгады пры дапамозе шантажу шляхам публікацыі гэтых інтымных фатаграфій на сайтах або ў сацыяльных сетках.
Наколькі папулярныя гэтыя з'явы, ці мы ведаем, які гэта маштаб?
- Зыходзячы з апублікаванай справаздачы NASK «Падлеткі 3.0», яна тычыцца даных за 2023 год, каля 40% падлеткаў атрымлівалі запыт на аголенае фота, а 20% пераканалі сустрэцца ў рэальным жыцці. Статыстыка таксама паказвае, што больш за 40% дзяцей і падлеткаў атрымлівалі ў інтэрнэце аголеныя фатаграфіі невядомага паходжання. Некалькі працэнтаў, каля 15%, прызнаюцца ў тым, што дасылалі такія фота. Дзеці сустракаюцца і з іншымі відамі гвалту ў інтэрнэце, бо каля 40% дзяцей кажуць, што іх абражаюць у інтэрнэце, а каля 25% - што іх высмейваюць і прыніжаюць. Тым не менш, 60% бацькоў сцвярджаюць, што іх дзеці не мелі дачынення з такімі інцыдэнтамі ў інтэрнэце. Бацькі лічаць, што большасць дзяцей у Інтэрнэце знаходзіцца ў бяспецы. Гэта насцярожвае, таму што такая падзея, як шантаж інтымнымі фотаздымкамі, пакідае проста велізарны след у псіхіцы дзіцяці. Дзіця, якое сутыкнулася з такімі паводзінамі, мае патрэбу ў прафесійнай тэрапеўтычнай падтрымцы. Вельмі важна, каб такое дзіця лячылася ў тэрапеўта, у псіхіятра, якія дапамогуць дзіцяці справіцца з такой траўмай. Таму што тое, што дзіця перажывае ў інтэрнэце ў сувязі з шантажом, інтымнымі фатаграфіямі або праз кантакт з грумерам, - гэта траўма, з якой яны не могуць справіцца самастойна.
У рамках кампаніі, якую стварыла Таварыства сяброў дзяцей - #wiemcorobić, акрамя таго, што з лістапада транслюецца ролік, які рэкламуе гэтую кампанію ў розных СМІ, створаны вэб-сайт «Я ведаю, што рабіць», дзе растлумачана, што рабіць, калі дзеці сталі ахвярамі шантажыста.
- Дзіцячы інстынкт, калі яны атрымліваюць аголеную фатаграфію або любое паведамленне характэрнае для шантажу, падказвае, што трэба выдаліць паведамленне. Вельмі важна, каб яго не выдаліць, а заблакіраваць такога патэнцыйнага шантажыста, зрабіць скрыншоты, захаваць усе гэтыя паведамленні і абавязкова паведаміць пра гэта ў паліцыю. Дзіця можа зрабіць гэта нават само, або пайсці з сябрам, і паліцыя, вядома, не пакіне без увагі такую скаргу, і звяжацца з праўным апекуном дзіцяці.
У такой сітуацыі бацькам вельмі важна ведаць, якія сігналы ў паводзінах іх дзяцей могуць сведчыць аб тым, што іх дзіця стала ахвярай такога шантажыста або грумера. Якія гэта могуць быць сігналы?
- Найбольш відавочным сігналам з'яўляюцца рэзкія змены ў паводзінах. Дзіця, напрыклад, гадзінамі сядзела ў інтэрнэце і раптам не хоча карыстацца ім, таму што проста баіцца далейшых зносін. Альбо, напрыклад, падлетак адмаўляецца ад нейкага занятку, які быў яго любімым заняткам, або становіцца сварлівым і не хоча размаўляць з бацькамі. Адзін з самых трывожных сігналаў: калі дзеці не расстаюцца з тэлефонамі, дзіця пастаянна сочаць за тым, што адбываецца з яго тэлефонам, таму што баіцца, што калі тэлефон ляжыць на стале, паявіцца паведамленне, якое пабачаць бацькі.
Здагадваюся, што дзеці баяцца расказваць іншым, а тым больш бацькам пра тое, што яны выслалі аголены здымак і ў выніку іх шантажуюць.
- Таму вельмі важна, каб бацькі таксама адчувалі такія паводзіны і стараліся пачаць размову з дзіцём не пагрозліва, і цікавіліся тым, што з дзіцём адбываецца. Дзеці таксама могуць больш упэўнена гаварыць аб гэтых праблемах, напрыклад, сваім сябрам. Таму для нас таксама важна пазбавіцца ад стыгматызацыі такога тыпу паводзін, каб дзеці таксама адважваліся гаварыць пра гэта, а іх аднагодкі не высмейвалі і не адмахваліся ад іх. Яшчэ адна важная мэтавая група нашай кампаніі — людзі, якія штодня працуюць з дзецьмі. Настаўнікі, выхавальнікі, супрацоўнікі тэрапеўтычнага цэнтра. Мы падрыхтавалі 15-хвілінны навучальны фільм, для якога распрацаваны два сцэнары для дзяцей малодшага і старэйшага ўзросту, якія вельмі лёгка можна праводзіць з групай дзяцей. Перш за ўсё, мы хочам, каб людзі, якія працуюць з дзецьмі, ведалі, што такое дзіцячы грумінг, ведалі, што такое сексуальны шантаж, што гэта злачынствы, што яны караюцца Крымінальным кодэксам.
Калі казаць пра моладзь, ці можна сказаць, што нейкая група больш схільная, каб уваходзіць у кантакт з грумерам ці шантажыстам? Я маю на ўвазе падзел на хлопчыкаў і дзяўчынак.
- На мой погляд, гэта не мае значэння. Агулам лічыцца, што дзяўчаты больш уразлівыя да гэтага, але я думаю, што дзяўчаты кажуць пра такія сітуацыі больш адкрыта. Хлопчыкі больш схільныя хаваць такія падзеі, калі яны іх перажываюць, таму я б не рабіла адрозненняў па полу. У гэтай кампаніі таксама вельмі важна, гэта навучыць дзяцей, як бяспечна карыстацца сеткай, а таксама ўсведамляць, што ніякія дадзеныя і паведамленні, якія размяшчаюцца ў сетцы, ніколі не знікаюць. Каб яны ведалі, як зрабіць усё, што ўваходзіць у іх кампетэнцыю, каб абараніць сваю асобу. Тады яны зніжаюць шанец стаць ахвярай грумера.
Як грумеры, шантажысты знаходзяць свае ахвяры? Патлумачце механізм, каб тыя ж бацькі разумелі, як адбываецца працэс.
-Такія патэнцыйныя шантажысты ці грумеры рэгіструюцца ў месенджарах, якімі карыстаюцца дзеці і моладзь, і завязваюць розныя стасункі. Яны вышукваюць дзяцей, якія расказваюць пра сваю адзіноту і неразуменне, і наладжваюць кантакт, цікавяцца імі, даюць чаканую падтрымку. Кажуць: мне здаецца, што бацькі цябе не разумеюць. Яны пытаюцца ў дзіцяці аб яго захапленнях, напрыклад, дзяўчына кажа, што робіць ўпрыгажэнні. Грумер адразу атрымлівае інфармацыю, кажа, што яму гэта цікава, што ён хацеў бы ўбачыць гэтыя работы, што ён вельмі гэта цэніць, выказвае сваё захапленне і проста дае нешта дзіцяці, якое вельмі часта мае заніжаную самаацэнку, адчувае сябе адзінокім. Раптам дзіця атрымлівае ад чалавека ў інтэрнэце ўсё, што яму трэба.
Выходзіць, цэлы працэс гэтак званага заляцання можа доўжыцца дастаткова працяглы час?
- Грумінг не такі хуткі працэс, ён расцягнуты ў часе, каб грумер мог абкруціць дзіця сваёй сеткай настолькі, што калі межы парушаюцца, дзіця часта адчувае, што няма выйсця, бо баіцца раскрываць гэтую сітуацыю, баіцца страціць гэты кантакт, таму што ён атрымлівае ад гэтага нейкую эмацыйную карысць. З-за гэтага ён адчувае сябе бездапаможным і часта робіць нейкі жэст, які потым заканчваецца трагічна, таму што ён не ведае, як справіцца, не ведае, да каго звярнуцца па дапамогу. Добра, калі яны знойдуць чат ці тэлефон даверу, пагавораць з кім-небудзь, перш чым звяртацца да рэзкіх спроб зняцця эмацыйнага напружання, як нанясенне сабе шкоды або спробы самагубства, таму што такія выпадкі таксама здараюцца.
Вы часткова адказалі на маё цяперашняе пытанне, але я б хацела лепш зразумець, чаму падлеткі ўсё ж высылаюць аголеныя здымкі?
- У цяперашні момант дзеці адкрытыя на такія рэчы, гэта дастаткова папулярна, што дзеці дасылаюць сабе аголеныя фота. Дзеці цяпер будуюць адносіны ў сеціве, нават ніколі не сустрэўшыся ў рэальнасці. Гэта крыху прыкмета часу, і ў цэлым гэта нядрэнна. Дзеці па тэлефоне даверу расказваюць, што ў іх ёсць хлопец ці дзяўчына, ужо некалькі месяцаў ці год, і гэтыя адносіны толькі ў Інтэрнэце, яны ніколі не сустракаліся ў рэальным жыцці. І мы мяркуем, што гэта насамрэч хлопчык, дзяўчынка, а не які-небудзь дарослы спакуснік. І нават калі справа даходзіць да адпраўкі інтымных фатаграфій, важна таксама расказаць дзецям, што, напрыклад, яны павінны рабіць гэтыя фатаграфіі, не паказваючы сваіх твараў. Ці, напрыклад, каб не магчыма было ідэнтыфікаваць, адкуль фота даслана. Таму я думаю, што важна рухацца ў накірунку, які не адмяняе пэўныя паводзіны. Мы не збіраемся прымушаць дзяцей перастаць карыстацца Інтэрнэтам. Важна, каб яны ведалі, да якіх наступстваў гэта можа прывесці, і каб яны разумелі знакі, якія сведчаць аб тым, што гэтыя адносіны хутка пачнуць прымаць вельмі інтымны абарот. Што тады яны павінны дапусціць да гэтага каго-небудзь, нават сябра, таму што заўсёды будзе нейкі погляд іншага чалавека.
Вы ўжо казалі, што важна такія выпадкі паведамляць у паліцыю. Ці вядома, колькі падобных заяваў сапраўды трапляе ў службы?
- На жаль, такіх паведамленняў няшмат, я маю на ўвазе адносна мала, таму што, паводле статыстыкі Галоўнай камендатуры паліцыі, у 2023 годзе іх было каля 700 па ўсёй краіне. Гэта заніжаныя лічбы. Зараз у паліцыі ёсць адпаведныя інструменты, каб вызначыць месцазнаходжанне дзіцяці і аказаць яму дапамогу. Ёсць інструменты, каб высачыць выканаўцу такога злачынства, як сексуальны шантаж і грумінг. Гаворка ідзе таксама пра тое, каб дзеці ведалі, што дзіця дапытваецца паліцыяй толькі адзін раз, што яно знаходзіцца ў бяспечных умовах, што гэтага не трэба баяцца і што, увогуле, паліцыя заўсёды становіцца на бок пацярпелага. Каб таксама прыбраць пачуццё віны, таму што многія бацькі не хочуць ініцыяваць справу, таму што баяцца, што іх абвінавацяць у тым, што яны не сачылі за дзіцём, што не даглядалі яго належным чынам. Таму важна паведаміць, што паліцыя будзе на баку пакрыўджанага дзіцяці. Яна не будзе асуджаць ні яго, ні яго бацькоў.
Дзякуй за размову. Пра дзіцячы грумінг і секс-шантаж дзяцей расказвала генеральны сакратар Таварыства сяброй дзяцей Яланта Шклярска. На развітанне нагадаю адрас сацыяльнай кампаніі #wiemcorobić, дзе можна знайсці ўсю патрэбную інфармацыю пра гэтыя сексуальнаныя злачынствы супраць дзяцей і што рабіць у выпадку, калі нашы дзеці апынуцца ў такой сітуацыі: wiemcorobic.pl.
ав