Паводле меркавання спецыялістаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, дэпрэсія да 2030 года стане самым распаўсюджаным захворваннем у свеце. Дэпрэсіяй часцей хварэюць жанчыны, але самагубства па прычыне дадзенай хваробы часцей здзяйсняюць мужчыны.
23 лютага ў Польшчы адзначаўся Дзень барацьбы з дэпрэсіяй. Галоўная мэта гэтага дня – павысіць інфармаванасць грамадства аб дадзенай хваробе. Па інфармацыі псіхіятраў, прыкладна ў 10-15% палякаў на працягу жыцця здарыцца клінічная дэпрэсія. Гэта не паніжаны настрой, не звычайная ”хандра”, якая трымаецца дзень-два і пускае. І ўсё вяртаецца ў нармальную каляіну. Клінічная дэпрэсія, у сваю чаргу, робіць жыццё невыносным і часта становіцца прычынай самагубства. Кожны год звыш 5 тысяч палякаў здзяйсняе самазабойства, у тым ліку больш за 4 тысяч мужчын.
Першы і асноўны сімптом дэпрэсіі – гэта паніжаны настрой, то бок смутак, прыгнечанасць. Другі важны сімптом – страта здольнасці адчуваць радасць, немагчымасць атрымліваць задавальненне ад жыцця, вядомая як ангедонія. Трэці асноўны сімптом – страта энергіі, няздольнасць мабілізаваць сябе на нейкую дзейнасць, і, як вынік, зніжэнне актыўнасці чалавека.
Да гэтых трох ключавых сімптомаў часта далучаюцца дадатковыя, такія як агульна песімістычны погляд на ўсё, што адбываецца, пачуццё віны, нізкая самаацэнка, пачуццё ўласнай непаўнавартаснасці. Часам гэта прыводзіць да адчування безнадзейнасці, думак пра адсутнасць сэнсу жыцця і жадання скончыць яго, каб пазбавіцца ад пакут. Часта з’яўляюцца таксама парушэнні сну, паніжаны апетыт, страта вагі. Акрамя таго, можа ўзнікаць цяжкасць у канцэнтрацыі ўвагі, трывожнасць і пачуццё неспакою.
Для сучаснай дэпрэсіі характэрна тое, што яе «твар» паступова маладзее. Калі яшчэ нядаўна дэпрэсія ў дзяцей практычна не сустракалася, дык цяпер маладыя пакутуюць ад яе ўсё часцей. Нацыянальны кансультант па дзіцячай і падлеткавай псіхіятрыі Аляксандра Левандоўска (Aleksandra Lewandowska) кажа, што праблема дэпрэсіі сярод моладзі пашыраецца.
- У групе дзяцей да 7 года жыцця дэпрэсійнае расстройства сустракалася ў 2% дзяцей, а ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў – у каля 4%. Але гэтыя дадзеныя ўжо неактуальныя, яны былі сабраныя яшчэ перад пандэміяй. У сваю чаргу, цяпер у нас ёсць звесткі толькі з устаноў аховы здароўя грамадскага сектара. Калі абапірацца на гэтыя дадзеныя, дык можна заўважыць, што колькасць дэпрэсійных расстройстваў у групе непаўналетніх вырасла ў 2,5 разы. Так што колькасць асоб з дэпрэсіяй увесь час расце.
Класічныя сімптомы дэпрэсіі часцей праяўляюцца ў жанчын. Ёсць перыяды ў жыцці, калі яна з'яўляецца часцей – падчас цяжарнасці, у пасляродавы перыяд, а таксама ў перыяд пераменапаўзы. Агульна кажучы, у малодшых узроставых групах яна сустракаецца ў жанчын удвая часцей, чым у мужчын. Нягледзячы на тое, што ўсё больш дзяцей мае паніжаны настрой, ты не менш, незалежна ад полу, значна большую рызыку развіцця дэпрэсіі маюць людзі старэйшыя за 65 гадоў.
Паводле статыстыкі, на адну жанчыну, якая здзяйсняе самагубства, прыпадае нават 6 мужчын, якія вырашаюць закончыць жыццё і робяць гэта. Гэта часцей за ўсё мужчыны з малых населеных пунктаў і вёсак, дзе адсутнічае псіхіятрычная і псіхалагічная дапамога або доступ да яе вельмі складаны. Акрамя таго, існуе яшчэ шмат стэрэатыпаў, звязаных са зваротам да псіхолага, а тым больш псіхіятра, асабліва гэта стыгматызуе мужчын, якія «павінны быць мужнымі» і не паказваць сваіх эмоцый, асабліва такіх, якія лічацца не мужчынскімі і сведчаць пра слабасць – як смутак і адсутнасць жадання жыць. Паводле статыстыкі Нацыянальнага фонду аховы здароўя, у Польшчы ў сістэме грамадскай медыцынскай апекі ад дэпрэсіі лечыцца ў тры разы больш жанчын, чым мужчын. Амаль у чатыры разы менш мужчын (звыш 8 тыс), чым жанчын (11,2 тыс) праходзіць псіхатэрапію, якая абавязкова павінны быць уведзена на нейкім этапе лячэння гэтага псіхічнага захворвання.
Пастаноўку дыягназу ў мужчын ускладняюць не толькі грамадскія стэрэатыпы, але і тое, што ў мужчын дэпрэсія зачастуе праяўляецца інакш, чым уяўляе сабе пераважная большасць людзей – не класічным сумам, а, напрыклад, злосцю і агрэсіяй.
Прэс-сакратар Польскай псіхіятрычнай асацыяцыі псіхіятр Славамір Муравец (Sławomir Murawiec) адзначае, што ў Польшчы значна больш людзей пакутуе ад дэпрэсіі, чым паказваюць даследаванні, таму што многія людзі не звяртаюцца па дапамогу. Асаблівую групу складаюць мужчыны, якія канчаюць жыццё самагубствам значна часцей за жанчын.
- Выгляд мужчынскай дэпрэсіі часта бывае іншым, чым класічная класіфікацыя гэтай хваробы. Гэта часта бывае злосць, агрэсія, працагалізм, злоўжыванне псіхаактыўнымі рэчывамі. Гэта могуць быць таксама розныя небяспечныя, экстрэмальныя паводзіны, якія пагражаюць стратай здароўя ці жыцця. І, калі хтосьці не ведае, што так можа праяўляцца дэпрэсія, тады гэтай дэпрэсіі не распазнаюць.
Акрамя злосці і агрэсіі, дэпрэсія ў мужчын можа праяўляцца праз саматычныя сімптомы – галаўны боль, стомленасць і знясіленасць, мышачныя болі. Жанчынам прасцей, чым мужчынам, прызнацца ў сваёй слабасці і звярнуцца па дапамогу. А з класічнай дэпрэсіяй вельмі цяжка справіцца хвораму самастойна, без дапамогі спецыялістаў. Цешыць тое, што грамадства ўсё больш ведае пра рызыку, звязаную з дэпрэсіяй, а людзі часцей перамагаюць сорам і звяртаюцца па дапамогу да спецыялістаў.
IAR/нг