У правінцыі Бушэр на поўдні Ірана 16 снежня пачаўся сумесны тыднёвы лагер па парашутным спорце, у ім прымаюць удзел «элітныя каманды» Узброеных сіл ісламскай дзяржавы і беларускай арміі, паведамляе выданне Tehran Times.
Адзначаецца, што шэсць каманд вайсковых парашутыстаў з абедзвюх краін «прымаюць удзел у серыі спаборніцтваў, накіраваных на ўмацаванне дружбы і абмен каштоўным вопытам».
У склад каманд уваходзяць члены Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), Сіл правапарадку, Ваенна-марского флоту і дзве каманды сухапутных войск іранскага войска, а таксама іх беларускія калегі, адзначаецца ў публікацыі. Яны «ўдзельнічаюць у розных парашутных вучэннях і спаборніцтвах, дзеляцца прыёмамі і стратэгіямі для паляпшэння сваіх навыкаў».
Выданне цытуе намесніка начальніка фізічнай падрыхтоўкі Узброеных сіл Беларусі палкоўніка Дзмітрыя Рабінскага, які адзначыў, што «гэтае партнёрства не толькі ўмацуе ваенныя сувязі, але і павысіць аператыўныя магчымасці ў паветраным і марскім сцэнарыях».
Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) быў створаны аяталой Хамейні пасля рэвалюцыі 1979 года для абароны Ірана ад унутраных і знешніх пагроз, у тым ліку ад спробы змены рэжыму звонку.
З таго часу КВІР дзейнічае незалежна ад рэгулярнай арміі краіны ў цесным супрацоўніцтве з аяталой.
Звязанымі з КВІР называюць групоўкі «Хізбала» ў Ліване і ХАМАС на палесцінскіх тэрыторыях, а таксама атрады паўстанцаў-хусітаў у Емене.
Дзяржаўны дэпартамент ЗША прызнаў КВІР тэрарыстычнай арганізацыяй.
pozirk.online/ez