Прэс-служба прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і амбасада Украіны ў Вашынгтоне паведамілі ў сераду, 5 сакавіка, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у звароце да Кангрэса працытаваў не асобны ліст, а апублікаваныя ў сацыяльных сетках словы Зяленскага аб яго гатоўнасці да перамоваў.
«У вельмі складанай сітуацыі мы ўсё ж рухаемся наперад, пашыраючы адносіны і прасоўваючы нашы прыярытэты. Прэзідэнт Дональд Трамп прачытаў каментар нашага прэзідэнта ў сваім звароце і сказаў: «Я шаную, што ён напісаў гэты ліст», - растлумачыла амбсадар Украіны ў ЗША Аксана Маркарава.
У той жа час прадстаўнік Зяленскага Сяргей Нікіфараў заявіў, што Трамп казаў пра каментар Зяленскага ў сацсетках і што асобнага ліста не было.
У Кангрэсе Трамп працытаваў урывак, у якім Зяленскі заявіў аб гатоўнасці «як мага хутчэй сесці за стол перамоваў, каб наблізіць дасягненне трывалага міру» і падпісаць пагадненне з ЗША аб здабычы карысных выкапняў. Амерыканскі прэзідэнт дадаў: «Я шаную гэты ліст. Я атрымаў яго нядаўна. У той жа час, мы правялі сур'ёзныя перамовы з Расіяй і атрымалі моцныя сігналы, што яны гатовыя да міру».
PAP/эж