Беларуская Служба

Вядомы журналіст вырашыў стаць прэзідэнтам Польшчы. Каму мусіць быць страшна?

22.01.2025 13:44
Кшыштаф Станоўскі стартуе не маючы падтрымкі ніякай партыі а толькі падпісчыкаў на свае каналы.
Журналіст і бізнесовец Кшыштаф Станоўскі screen Kanal Zero

Вядомы журналіст і бізнесмен Кшыштаф Станоўскі (Krzysztof Stanowski) абвясціў, што ён вырашыў удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы.

«Станоўскі, стваральнік YouTube-каналаў Weszło і Kanał Zero Weszło і Kanał Zero разглядае свой удзел у выбарах як хэпенінг, у якім ён будзе выконваць ролю прыдворнага блазна», піша Артур Барткевіч (Artur Bartkiewicz) у каментарыі для газеты Rzeczpospolita

«Такім чынам, ён будзе нас смяшыць, высмейваючы сваіх канкурэнтаў і плыткасць польскай палітыкі ў цэлым. Ён даў прыклад гэтага ў сваёй аб'яве аб старце на выбарах, у якую былі ўплеценыя выказванні генерала Войцеха Ярузэльскага аб увядзенні ваеннага становішча, а ён сам стаяў на фоне  нямецкага сцяга побач з польскім, ЕС і НАТА. Усё гэта сведчыць аб тым, што мы маем справу з жартам кандыдата ў прэзідэнты», лічыць Барткевіч.

 Жарт кандыдата 

«Але ў той жа час гэта будзе сапраўдны старт – Станоўскі інструктуе як збіраць за яго подпісы і мае вялікія шанцы іх сабраць, зыходзячы толькі з суполкі Kanał Zero, якая мае 1,45 мільёна падпісчыкаў. Гэта будзе першы жарт Станоўскага – без структураў, партыі за спінай і па сутнасці без грошай ён, напэўна, дасягне таго, для чаго патрэбны ўвесь партыйны апарат кандыдатам ад «Грамадзянскай кааліцыі» Рафалу Тшаскоўскаму (Rafał Trzaskowski) ці Каралю Наўроцкаму  (Karol Nawrocki) з «Права і справядлівасць», чытаем у каментарыі.

«Мы, верагодна, будзем сведкамі антыкампаніі – то бок Станоўскі будзе на кожным кроку падкрэсліваць тое, што ён не прыдатны быць прэзідэнтам, але і іншыя не прыдатныя, i напэўна, будзе дэманстраваць гэта рознымі спосабамі», адзначае Барткевіч і мяркуе, што Станоўскі несумненна, будзе вельмі нязручным канкурэнтам у любых дэбатах кандыдатаў на прэзідэнта.

Для каго ўдзел Кшыштафа Станоўскага на выбарах кепская навіна?

«Старт Станоўскага — кепская навіна для Славаміра Менцэна (Sławomir Mentzen),  кандыдата ад ультраправай партыі «Канфедэрацыя», бо сярод прыхільнікаў журналіста і бізнесмена шмат выбаршчыкаў партыі «Канфедэрацыя», якія спалучаюць любоў да свабоднага рынку з агідай да левага светапогляду. Станоўскі будзе ўвесь час казаць, што ён не хоча быць прэзідэнтам. Як ні парадаксальна, але гэта можа толькі падштурхнуць інтэрнэт-аўыторыю падтрымаць Станоўскага і такім чынам паказаць жоўтую, а можа, і чырвоную картку ўсёй палітычнай сістэме ў Польшчы», чытаем у газеце.

Станоўскі будзе таксама нязручным кандыдатам для Рафала Тшаскоўскага, таму што, хоць усіх кандыдатаў у прэзідэнты Станоўскі крытыкуе на сваіх каналах у інтэрнэце, аднак Тшаскоўскага і «Грамадзянскую платформу» крытыкуе крыху больш, чым астатніх.

«Станоўскі можа ў любы час перапыніць свой хэпенінг, заявіўшы, што яму ўсё гэта надакучыла і ёсць чым заняцца больш цікавым.   Напэўна, ён пачынае сваю прэзідэнцкую кампанію не для таго, каб рабіць палітычную кар'еру. А гэта азначае, што канкурэнты могуць чакаць ад яго чаго заўгодна. Ды і сам Станоўскі, напэўна, яшчэ не ведае, чым можа скончыцца яго хэпенінг», мяркуе Артур Барткевіч у каментарыі для газеты Rzeczpospolita.

яс