Беларуская Служба

Польскі дыпламат, які восем гадоў працаваў у Беларусі: Еўрапейскі шанец Беларусі не страчаны

30.01.2025 13:34
У Інстытуце палітычных спраў выйшла кніга «Еўрапейскі выбар Беларусі. Страчаны шанец?»
Аўдыё
  • Польскі дыпламат, які восем гадоў працаваў у Беларусі Еўрапейскі шанец Беларусі не страчаны

Яе аўтар – Марцін Вайцяхоўскі, сhargé d’affaires Польшчы ў Беларусі ў гадах 2020–2024, раней журналіст, цяпер працаўнік польскага Міністэрства замежных спраў.

Марцін Вайцяхоўскі кажа, што пасля таго, як ён перастаў быць журналістам і перайшоў у дыпламатыю, яму здавалася, што ён ужо больш нічога не напіша. Аднак восем гадоў у ролі дыпламата ў Беларусі былі для яго настолькі цікавымі, што ён не стрымаўся. 

Марцін Вайцяхоўскі кажа, што Беларусь вельмі блізкая і культурна, і геаграфічна, але ў Польшчы надалей мала літаратуры, якая апісвае Беларусь. Былы дыпламат абраў форму, у якой апісвае тое, што бачыў, сведкам чаго быў:

— Я працаваў у Беларусі з 2016-га да канца 2023-га. Гэта адбітак таго, якімі былі гэтыя 8 гадоў, якія я там правёў. Якія там працэсы адбываліся, якая ў іх была логіка, што быў перыяд да 2020 года, калі Беларусь спрабавала неяк супрацоўнічаць з Захадам, і гэтая сітуацыя не была такой кепскай.

І пасля 2020 года я спрабую патлумачыць, чаму сітуацыя стала такой складанай. Я таксама спрабую растлумачыць і адказаць на пытанне, ці так павінна было адбыцца. І я не губляю аптымізму, што гэты еўрапейскі выбар Беларусі, які я згадваю ў загалоўку і пытаюся, гэта ўсё ж не страчаны шанец. Я думаю, што гэта пакуль няўдалы шанец, але не страчаны. Беларусі застаецца чакаць лепшых часоў. Менавіта таму, што гаворка ідзе пра адносіны Беларусі з Захадам. Санкцыі, канешне, балючыя, але маючы з нашага боку такога моцнага партнёра, як Расія, а таксама маючы Кітай, які гатовы падтрымаць і кампенсаваць тыя страты, якія нясе Беларусь з-за супрацоўніцтва з Захадам, гэта можа працягвацца. Але я думаю, што людзі, якія кіруюць у Беларусі, выдатна ўсведамляюць, колькі такім чынам губляе іх краіна, і што Беларусь магла б развівацца значна хутчэй, значна больш комплексна. Таксама гэта было б значна больш выгадна з пункту гледжання грамадства, людзей і эканомікі.

Бліжэйшыя пяць гадоў краінай будзе кіраваць непрызнаваны Лукашэнка. Ці гэта значыць, што чарговыя пяць гадоў Захад, Польшча ў прыватнасці, не будуць утрымліваць кантакты з Мінскам? Марцін Вайцяхоўскі кажа, што справа ў тым, каб даць выразна зразумець, што мы думаем аб тым, што здарылася ў Беларусі ў апошнія дні:

- Паглядзім, як гэта выявіцца на практыцы. Цяжка прагназаваць. Аднак мы, вядома, не можам дазволіць сабе пагадзіцца з тым наратывам, які ўлады ў Мінску хочуць нам прадаць, што нармальныя выбары адбыліся і што яны скончыліся пэўным чынам. Гэта проста няпраўда. Я лічу, што мы павінны быць цярплівымі. Ёсць такое біблейскае выказванне: па пладах іх пазнаеце.

Паводле Марціна Вайцяхоўскага, развіццё падзей у Беларусі будзе ў значнай ступені залежаць ад таго, як доўга будзе працягвацца вайна ва Украіне:

 — Усё залежыць ад таго, ці зможа Расія нейкім чынам дамовіцца з Украінай. Ці пачнуць нармалізавацца расійска-заходнія адносіны? На дадзены момант цяжка паверыць, што гэта стане магчымым. Так што я думаю, што мы павінны быць цярплівымі. Гэты рэжым, безумоўна, паказвае, што ён будзе спрабаваць прыстасоўвацца да сітуацыі. І рабіць тое, што яму зручна ў дадзены момант. Аднак мы павінны рабіць тое, што нам зручна. І дзейнічаць у адпаведнасці з тымі каштоўнасцямі, якія для нас найбольш важныя.

Аднак, як я ўжо казаў, сітуацыя ў нашым рэгіёне настолькі складаная, што цяжка прагназаваць, як менавіта яна будзе развівацца. Рана ці позна ўсе перастануць займаць пасады. Але гэта насамрэч добрае пытанне, як гэта будзе выкарыстоўвацца. Гэта залежыць ад беларускага грамадства, ад беларускай эліты, а таксама ад апазіцыйных сілаў у выгнанні. Ці здолеюць яны пабудаваць нешта, што прынясе карысць краіне? Ці зробіць гэта за іх нехта іншы? Безумоўна, у нашых інтарэсах, каб Беларусь была больш суверэннай і больш незалежнай. Трымаем кулакі, каб гэта атрымалася.


. .

Адказваючы на пытанне, пастаўленае ў тытуле кнігі, ці еўрапейскі шанец Беларусі страчаны, Марцін Вайцяхоўскі кажа, што не. Можна сказаць, што ён адкладзены ў часе. Калі гэтая адтэрміноўка адбылася ў большай ступені: у 2020, пасля пачатку вайны ва Украіне, а можа пасля апошняга галасавання?

- Я лічу, што 2020 год быў самым вялікім шанцам для таго, каб у Беларусі адбыліся змены. Аднак вайна ў пэўнай ступені спыніла або замарозіла пэўныя працэсы і шмат залежыць ад таго, як і калі гэтая вайна скончыцца. Аднак, мне здаецца, нашмат важней тое, што ў галовах людзей. Гэта азначае адчуванне таго, што Беларусь з’яўляецца часткай Еўропы ў культурным сэнсе, у каштоўнасным сэнсе, і што ад гэтага ў перспектыве залежыць, дзе Украіна знойдзе сваё месца ў такой палітычнай сістэме.

Беручы пад увагу тое, што ў бліжэйшым часе размовы з Аляксандрам Лукашэнкам не прадбачацца, ці Захад можа цяпер нешта зрабіць для Беларусі?

- Мне падаецца, што трэба падтрымліваць каштоўнасці, падтрымліваць людзей, якія вызнаюць гэтыя еўрапейскія каштоўнасці. Не спісваць Беларусь як краіну, якая мае патэнцыял быць еўрапейскай краінай.

«Кніга Марціна Вайцяхоўскага дазваляе зразумець Беларусь такой, якой яна ёсць. Гэта нататкі думак і разважанняў з дадаткам анекдота, а адначасова прызнанне дасведчанага карэспандэнта і прафесійнага дыпламата», - піша пра кнігу былы міністр замежных спраў Польшчы Адам Ротфэльд.

 ав

слухайце аўдыё