Беларуская Служба

У Мінску зноў гучалі творы Станіслава Манюшкі

28.11.2019 18:17
Канцэрт адбыўся ў рамках цыклу мерапрыемстваў пад назвай «Шчырым сэрцам адараю».
Аўдыё
  • У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адбыўся канцэрт у рамках святкавання 200-годдзя з дня нараджэння вядомага кампазітара
Творы прагучалі ў выкананні выпускнікоў Опернай акадэміі варшаўскага Вялікага тэатру – Нацыянальнай оперы Польшчы ў суправаджэнні беларускіх музыкантаўфота: Польскі інстытут у Мінску

У Мінску зноў гучалі творы Станіслава Манюшкі. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адбыўся канцэрт у рамках святкавання 200-годдзя з дня нараджэння вядомага кампазітара. У беларускай сталіцы выступілі маладыя польскія спевакі і піяністы ў суправаджэнні беларускага інструментальнага ансамбля.

Канцэрт адбыўся ў рамках цыклу мерапрыемстваў пад назвай «Шчырым сэрцам адараю». Згаданае мерапрыемства прысвечанае двухсотаму юбілею з дня нараджэння славутага беларуска-польскага кампазітара.
У беларускай сталіцы прагучалі вакальныя і інструментальныя творы Манюшкі, а таксама Фрыдэрыка Шапэна, Вітальда Лютаслаўскага, Ігнацы Падэрэўскага ды іншых польскіх кампазітараў.

Як згадвалася, канцэрт прайшоў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў самым цэнтры Мінска, насупраць дома, дзе некалі знаходзілася школа, у якую хадзіў Станіслаў Манюшка. Побач жа ёсць плошча Свабоды, на якой стаіць помнік вялікаму кампазітару. Такім чынам, канцэрт «Шчырым сэрцам адараю» адбыўся ў вельмі сімвалічным месцы.

Творы прагучалі ў выкананні выпускнікоў Опернай акадэміі варшаўскага Вялікага тэатру – Нацыянальнай оперы Польшчы ў суправаджэнні беларускіх музыкантаў. Прадстаўніца Опернай акадэміі Бэата Клятка ў размове з карэспандэнтам Польскага радыё падкрэсліла, што Манюшка быў у творчым і жыццёвым плане звязаны з Мінскам, таму канцэрт мае сімвалічнае значэнне.

- У гэтым асаблівым месцы Манюшка правёў значную частку свайго жыцця. Несумненна, у творах кампазітара адчуваюцца беларускія народныя матывы.

Адным з арганізатараў канцэрту, як і іншых мерапрыемстваў, звязаных з 200-годдзем нараджэння Манюшкі, быў Польскі інстытут у Мінску. Паводле дырэктара інстытуту Цэзары Карпінскага, канцэрт у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі стаў свайго роду падсумаваннем адзначэння юбілею Манюшкі, хоць гэта не апошняе мерапрыемства, не апошні акорд, кажучы музычнай мовай, звязаны з кампазітарам.

- Яшчэ сёлета мы плануем паказаць нямы фільм «Галька» паводле аднайменнай оперы Манюшкі. Мерапрыемства пройдзе на днях. Мы запрашаем прыхільнікаў музыкі кампазітара, таму што паказ адбудзецца ў суправаджэнні жывой музыкі з оперы.

200-годдзе з дня нараджэння Станіслава Манюшкі адзначалася не толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі. Так, у канцы мая прайшла канферэнцыя з удзелам спецыялістаў з розных краін, прысвечаная жыццю і творчасці кампазітара, і арганізаваная Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Акрамя таго, Белпошта выпусціла марку, прысвечаную вядомаму кампазітару. Марка выйшла напярэдадні дня нараджэння Манюшкі 5 мая. А ў Польшчы адной з важнейшых падзей было названне варшаўскага цэнтральнага чыгуначнага вакзала імем Станіслава Манюшкі.

Станіслаў Манюшка нарадзіўся ў маёнтку Убель Ігуменскага павету Мінскай губерні ў 1819 годзе. Жыў і працаваў у Мінску, Вільні, Варшаве. У Варшаве ён правёў апошнія гады жыцця, працаваў у Вялікім тэатры, лічыцца бацькам польскай нацыянальнай оперы. 2019 год у Польшчы аб'яўлены Годам Манюшкі.

Раней у Мінску на лібрэта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча разам з кампазітарам Канстанты Кшыжаноўскім Манюшка напісаў і паставіў некалькі музычных твораў, у тым ліку ў 1852 годзе оперу «Ідылія», у якой гучала і польская, і беларуская мова. Беларускія музыказнаўцы лічаць гэты твор першай беларускай операй, дзякуючы выкарыстанню ў лібрэта беларускай мовы.

У Мінску, Вільні, Варшаве ўстаноўленыя помнікі кампазітару, яго імя ўвекавечана ў мемарыяльных дошках на будынках, дзе жыў Манюшка.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл