Беларуская Служба

Неўзабаве Вольга Такарчук адправіцца ў Стакгольм на цырымонію ўручэння прэмій нобэлеўскім лаўрэатам

05.12.2019 14:44
Гутарка з перакладчыкам яе твораў на шведскую мову, дзякуючы якому члены журы маглі іх прачытаць.
Olga Tokarczuk
Olga TokarczukMałgorzata Szymankiewicz/PR

Неўзабаве польская пісьменніца Вольга Такарчук адправіцца ў Стакгольм на цырымонію ўручэння прэмій нобэлеўскім лаўрэатам. Яна атрымала прэмію па літаратуры.

Пры нагодзе Gazeta Wyborcza згадвае ўдзел іншай польскай лаўрэаткі прэміі, паэтэсы Віславы Шымборскай у падобнай падзеі ў 1996 годзе, і друкуе інтэрв’ю з перакладчыкам твораў Вольгі Такарчук на шведскую мову Янам Хенрыкам Сванам (Jan Henrik Swahn). Перакладчык кажа, што пазнаёміўся з творчасцю Такарчук амаль 20 гадоў таму, дарэчы, не ён звярнуўся да выдавецтва, прапануючы яму кнігу польскай пісьменніцы, а наадварот, уладальнік выдавецтва пазваніў яму з прапановай перакласці кнігу Такарчук на шведскую мову.

Сван згадвае, што каля дваццаці гадоў таму яго жонка пайшла да варажбіткі. Тая паглядзела на далонь і сказала: «Я бачу змаганне за Нобэлеўскую прэмію». Яны цэлымі гадамі не маглі зразумець, што гэтыя словы маглі значыць. І толькі тады, калі Вольга Такарчук атрымала Міжнародную літаратурную прэмію ў Швецыі тры гады таму, яе перакладчык падумаў, што яна можа пазмагацца таксама за вышэйшую ўзнагароду. А калі ён даведаўся, што так сталася, хацеў павіншаваць Вольгу. І не мог дазваніцца, тэлефон быў пастаянна заняты. Тады ён падумаў «Што я нарабіў! Я знішчыў яе жыццё». Сапраўды, прэмія цалкам мяняе жыццё лаўрэата. Па словах Свана, перад гэтым у Швецыі было прададзена каля 800 экзэмпляраў адной з яе кніг, а цяпер кніга трапіла ў спіс бестселераў.

Наталля Шостак/пер. нг