Беларуская Служба

Нядаўна выйшла кніга польскай аўтаркі дэтэктыўных раманаў, напісаная на падставе супраўдных падзей

20.12.2019 18:00
У новай кнізе Катажыны Бонды ідзе гаворка пра бежанца, на якога ў Казахстане быў выдадзены смяротны прысуд.
Аўдыё
  • У новай кніжцы К. Бонды апісана праўдзівая гісторыя бежанца з Кахастану
Katarzyna Bonda
Katarzyna BondaJedynka

Нядаўна папулярная польская пісьменніца Катажына Бонда парадавала сваіх чытачоў новай кнігай.

У новай кнізе каралевы дэтэктыўнага раману, як называюць Катажыну Бонду ў Польшчы, ідзе гаворка пра бежанца з Казахстану, які перабраўся жыць у Польшчу і тут сустрэў сваё вялікае каханне, але па дарозе было таксама шмат небяспечных прыгод. Аўтарка на гэты раз апісала не толькі злачынства і страх, але таксама ўзнёслыя пачуцці людзей. Мы спыталі Катажыну Бонду, чаму яна выбрала якраз гэтую гісторыю тэмай сваёй кніжкі.

- Гэтая гісторыя чакала, каб пра яе расказаць, 18 гадоў. Гэта крымінальная аповесць, напісаная па матывах сапраўдных падзей. Пратапластам галоўнага героя стаў чалавек, жыццёвы шлях якога паказвае, што з кожнай, нават самай цяжкай сітуацыі, можна выйсці і радыкальна змяніць сваё жыццё. Шмат гадоў таму здарылася злачынства, пра што я распавядаю. Гэта першая мая кніжка, героем якой з’яўляецца не следчы, а чалавек, які знаходзіцца па другім баку, які здзейсніў злачынства. Мяне вельмі цікавіла гэтае пытанне – чаму даходзіць да злачынства, яго матыў, і што адбываецца з чалавекам пазней, як можна з гэтым жыць.

Натхненнем для пісьменніцы сталі падзеі, якія здарыліся ў 90-ыя гады ў Казахстане, дзе мясцовы бізнесмен, баронячы сваё жыццё, забіў чатырох чалавек з бандыцкай групоўкі, а траіх цяжка параніў. Ункас збег у Польшчу, жыў шмат гадоў на поўдні краіны, займаўся з вучнямі практыкаваннямі ёгі, закахаўся. У Казахстане ён завочна быў прыгавораны да смяротнага пакарання, урэшце яго справай заняўся польскі суд, яму пагражала дэпартацыя на радзіму, але ў канчатковым пасяджэнні суд яго апраўдаў. Справа цягнулася доўга, таму Бонда толькі нядаўна магла яе апісаць.
Ункас Галэк, так завуць пратапласта галоўнага героя, нічога не ведаў пра тое, што пісьменніца піша кніжку па матывах яго жыцця.

- Я не ведаў, што пані Катажына піша пра мяне кніжку. Яна казала, што хацела б пра гэта напісаць, але жаданне не заўсёды становіцца фактам. Я сам быў здзіўлены, калі знаёмы мне сказаў пра кнігу. Я прачытаў, быў пад вялікім уражаннем майстэрства аўтаркі. Шмат у кніжцы праўды, крыху фікцыі. Мне цяжка было чытаць, вяртацца да тых жахлівых падзей. Для мяне гэта свайго роду тэрапія, якая штурхае мяне да таго, каб далей дзейнічаць, тварыць дабро, служыць людзям. Я вельмі люблю палякаў, цудоўныя людзі, цудоўная краіна. У Польшчы мне быццам бы падарылі новае жыццё. Для мяне кожны дзень тут – гэта шчасце.

Кніга «Каханне лечыць раны» пакуль што не перакладзена на беларускую або расійскую мову, таму з ёй могуць пазнаёміцца толькі тыя беларусы, якія валодаюць польскай. Але творчасць Катажыны Бонды вядомая ў Беларусі дзякуючы перакладу яе іншай кніжкі на беларускую мову. Гэта «Акулярнік» – адзін з тамоў серыі пра паліцэйскага псіхолага Сашу Залускую. У рамане ідзе гаворка між іншым пра жыхароў Польшчы беларускага паходжання. Дарэчы, сама Катажына Бонда – польская беларуска, нарадзілася на Падляшшы, закончыла ліцэй з дадатковай беларускай мовай.

Выдавец Андрэй Янушкевіч, які выдаў кнігу «Акулярнік», кажа, што яна трапіла ў нішу на беларускім выдавецкім рынку.

- Катажына Бонда з’яўляецца адной з самых папулярных пісьменніц у дэтэктыўным жанры ў Польшчы. Нам таксама хацелася пазнаёміць беларускага чытача з яе творчасцю. Гэта масавы папулярны жанр, продажы кнігі, зацікаўленасць у ёй нашых чытачоў сведчыць пра тое, што нам была патрэбная такая кніга. Увогуле, калі паглядзець на рынак, то з дэтэктыўным жанрам у беларускай літаратуры бяда, перакладаў вельмі мала. Таму нам хацелася паспрабаваць сябе ў гэтай нішы, задаволіць патрэбу беларускага чытача ў якасным сучасным дэтэктыве.

Катажына Бонда абяцае, што яе новая кніга «Каханне лечыць раны» будзе хутка перакладзена на расійскую мову, каб маглі з ёй пазнаёміцца таксама жыхары постсавецкай прасторы.

Клаўдыюш Мадэя/нг