Неад’емнай часткай святкавання Ражджаства з’яўляецца калядная батлейка. Незалежна ад краіны, ад геаграфічнай шыраты і даўгаты, як толькі набліжаецца калядны перыяд, ля касцёлаў альбо ў цэнтральных месцах населеных пунктаў з’яўляецца батлейка.
З упэўненасцю можна сказаць, што традыцыя стварэння калядных батлеек вельмі доўгая. Важную ролю ў гэтым працэсе адыграў святы Францішак з Асізі (1181 – 1226). Ён быў ксяндзом, сярэднявечным містыкам і стыгматыкам ды заснавальнікам жабрацкага ордэну.
24 снежня 1223 году ў населеным пункце Грэчча Францішак арганізаваў першую ў свеце жывую батлейку. Яна прадстаўляла хляўчук, дзе нарадзіўся Ісус, у натуральную велічыню, з жывымі акцёрамі ды жывёлай.
Батлейка, альбо шопка, як гаворыцца на польскай мове, была пабудаваная ў пячоры ў гарах на зямлі, якую мясцовы шляхціч падарыў Францішку. А пазнейшы святы пабудаваў там кляштар. Пры дапамозе каляднай батлейкі Францішак хацеў наблізіць звычайным людзям таямніцу збаўлення і паказаць тое, чаму так важным з’яўляецца свята Ражджаства.
Біёграф Францішка, сярэднявечны пісьменнік Тамаса да Чэляна пісаў пра першую ў свеце калядную батлейку.
«Прыйшоў дзень радасці і вяселля! Да пячоры прыбылі браты ды мясцовае насельніцтва, якое падрыхтавала свечкі ды паходні для асвятлення ночы, на небе якой неўзабаве з’явілася звязда, што навек асвятліла зямлю. Прыйшоў Францішак, святы чалавек, які вельмі абрадаваўся, калі ўбачыў, што ўсё падрыхтавана», пісаў італьянскі летапісец.
Магчыма таму, што шопка ўпершыню з’явілася ў Італіі, яна стала найбольш папулярнай менавіта ў гэтай краіне. Расказвае гісторык мастацтва Малгажата Кемпа. Архіўны запіс Польскага радыё.
- Гэта старая і доўгая гісторыя. Падчас маіх падарожжаў па Італіі я наведала Неапаль, і менавіта там упершыню ўбачыла неапалітанскую калядную батлейку. Італьянскія батлейкі крыху падобныя на нашы, кракаўскія, якія вельмі прыгожыя.
Будучы ў Італіі, я была здзіўленая і, можна сказаць, зачараваная вялікай колькасцю батлеек. Самае цікавае тое, што батлейкі з рэлігійным зместам можна сустрэць не толькі ў калядны час, але і ў іншы, напрыклад, у ліпені альбо жніўні.
У Неапалі я аднойчы трапіла на малую, вельмі маляўнічую вулічку, на якой свае крамы і майстэрні маюць рамеснікі ды народныя ўмельцы. І ў вітрынах гэтых крамак стаяць калядныя батлейкі. Больш за тое, фігуркі з батлеек, фігуркі святой сям’і, пастушкоў, біблейскіх вешчуноў ды іншых постацей, можна тут жа набыць.
Я была прыемна здзіўленая адносінамі неапалітанцаў да гэтай старой традыцыі. Прычым батлейкі ставяць не толькі на Каляды, а традыцыю гэтую працягвае таксама маладое пакаленне. Можна сказаць, што ў Неапалі традыцыя каляднай батлейкі перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Першапачаткова калядныя батлейкі ствараліся ордэнам Францішканцаў, часта ў іх манастырах. Аднак з часам традыцыя распаўсюдзілася на ўсю Еўропу, у тым ліку прыйшла ў Польшчу. У Польшчы першыя пісьмовыя згадкі датуюцца канцом 13-га стагоддзя.
Сёння ў Польшчы шопкі ствараюцца не толькі ля касцёлаў, але і ў цэнтрах населеных пунктаў.
вс
слухайце аўдыёфайл