Беларуская Служба

«Спяваю, а значыць, я ёсць!»

31.12.2019 12:19
Нягледзячы на тое, што эстрадная кар’ера спявачкі працягваецца ўжо 60 гадоў, Ірэну Сантор ведаюць, паважаюць і, самае галоўнае, працягваюць слухаць прадстаўнікі розных пакаленняў.
Аўдыё
  • Нягледзячы на славу і паўсюдную павагу Ірэна Сантор пазбягае гучных тытулаў.
Gościem specjalnym koncertu była Irena Santor
Gościem specjalnym koncertu była Irena SantorWojciech Kusiński/PR


9 снежня 85-гадовы юбілей адзначыла Ірэна Сантор (Irena Santor) – адна з самых вядомых эстрадных выканаўцаў Польшчы.

Сваю прафесійную дзейнасць Ірэна Сантор распачала ў далёкім 1951 годзе ў легендарным Калектыве народных песняў і пляскаў «Мазоўша» (Mazowsze). Шырокую вядомасць Ірэна Сантор здабыла толькі ў 1961 годзе. Менавіта тады спявачка заваявала галоўныя прызы на Музычным фестывалі ў Сопаце (які, дарэчы, пазней перарадзіўся ў Інтэвізію – сацыялістычны аналаг Еўрабачання). З нагоды свайго юбілею легенда польскай эстрады дала вялікае інтэрв'ю Другой праграме Польскага радыё. Мы падрыхтавалі для вас самыя цікавыя фрагменты размовы.

Узровень папулярнасці Ірэны Сантор у Польшчы цяжка сабе ўявіць. Нягледзячы на тое, што эстрадная кар’ера спявачкі працягваецца ўжо 60 гадоў, Ірэну Сантор ведаюць, паважаюць і, самае галоўнае, працягваюць слухаць прадстаўнікі розных пакаленняў.

Хтосьці з польскіх музычных крытыкаў назваў Ірэну Сантор «сяброўкай усіх палякаў». Бадай што лепшага тытулу для нашай сённяшняй гераіні прыдумаць не атрымаецца. Аднак, нягледзячы на славу і паўсюдную павагу, Ірэна Сантор пазбягае гучных тытулаў.

- Ужо 60 гадоў на сцэне! Хто бы мог падумаць!? Я не лічыла, але калі вы падлічылі – то гэта праўда. Ведаеце, я не заслужваю ніякіх тытулаў. Для мяне самай вялікай вашай адзнакай было бы, каб вы мяне называлі прафесіяналам.

Нягледзячы на стэрэатыпы, эстрада – гэта нялёгкая прафесія. Я прыйшла да таго, чым сапраўды зʼяўляецца гэтая прафесія пасля доўгіх і доўгіх гадоў працы. Я дагэтуль шукаю і пэўна буду ісці да ўласцівага разумення гэтай прафесіі да канца свету і адзін дзень даўжэй.

Так будзе заўжды, бо, апроч ведаў, тэхнікі, голасу, тону голасу і чагосьці яшчэ, эстрада вымагае пастаяннага свідравання, шукання сябе. Неабходна ўвесь час шукаць сродак выражэння ў сабе. Гэта неабходна, каб можна было перадаць гэта вам. Заразіць вас, паланіць вас, а гэта складана.

Бліскучая кар’ера Ірэны Сантор распачалася акурат праз супрацоўніцтва з Польскім радыё. Цяжка паверыць, але менавіта ў гэтых студыях, адкуль мы зараз вяшчаем, адбываліся запісы польскіх хітоў 1960-ых гадоў. Ірэна Сантор захавала сентыменты да радыёхваляў:

- Цяпер мне не хапае часу, каб часта слухаць радыё, але часам я слухаю. Я цешуся, што радыё зараз імкліва развіваецца. У пэўным сэнсе радыё стала для мяне непрыступным. Напрыклад, калі цяперака запісваю песні, гукарэжысёр можа сказаць: «Тут трошкі было не так, але я падыму ўзровень. Гэта трошкі паправім і будзе добра. Не пераймайцеся тым».

А вось не! Я хвалюся да сённяшняга дня і буду заўжды хвалявацца. Бо раней было так – адзін запіс, адна версія і да пабачэння!

Гэта быў запіс моманту. А цяпер мне гэтага не хапае, бо на эстрадзе момант мае значэнне. Выступаеш на эстрадзе адзін момант, старт і пайшоў... усё. Было добра – выдатна, было кепска – здараецца. Раней і радыё так функцыянавала.

У працяглай кар’еры Ірэны Сантор было нямала момантаў, якія тым ці іншым чынам ядналі яе з публікай і ў Савецкім Саюзе, гаворка ідзе не толькі пра гастролі па «Краіне Рад». Напрыканцы 1960-ых гадоў у СССР вялікую папулярнасць здабыла песня «Наш Сусед» у выкананні Эдзіты Пʼехі.

У гэты самы час Ірэна Сантор запісала адзін са сваіх хітоў – «Piosenka o sąsiedzie» («Песенка пра суседа»). Нягледзячы на аднолькавую музыку, польскі тэкст у адрозненні ад савецкага, утрымлівае выключна любоўныя матывы. Пра суседа спявае Ірэна Сантор, запіс прыблізна 1968 года.

Нягледзячы на салідны ўзрост, Ірэна Сантор пастаянна знаходзіцца ў гастролях. Спявачка збірае поўныя залі па ўсёй Польшчы. Цяпер таксама адбываюцца гастролі спявачкі, іх назва «Спяваю, а значыць, я ёсць».

- Спяваю, а значыць, я ёсць. І крый божа, калі я была бы маладзейшая на сорак гадоў і вымушана была бы займацца іншай прафесіяй. Я была бы нешчаслівая.

Зараз мне гэта асабліва патрэбна. Магчыма, я бы працавала меней, але нядаўна перажала смутныя і трагічныя падзеі. Ужо мінула, зараз добра, я вызвалілася ад гэтага.

Канцэрт – мая тэрапія. Я павінна прыстасавацца, я павінна пераказаць сваю моц. У залі сядзіць публіка, людзі заплацілі за білет, а ты - іх слуга. Выходзь на сцэну і спявай.

У 2013 годзе Ірэна Сантор за бліскучую карʼеру атрымала ўзнагароду Польскага радыё «Дыяментавы мікрафон».

Слухайце аўдыё!

эж