Беларуская Служба

2020 год у Польшчы абвешчаны Годам Яна Паўла ІІ

23.01.2020 15:59
У бягучым годзе, акрамя 100 гадавіны з дня народзін польскага пантыфіка, спаўняецца 15 гадоў з дня яго смерці. 
Аўдыё
Ян Павал ІІ у Гэмбажэве пад Гнезнам падчас першай пілігрымкі ў ПольшчыNarodowe Archiwum Cyfrowe

2020 год у Польшчы абвешчаны Годам Яна Паўла ІІ, з дня нараджэння якога спаўняецца 100 гадоў. Нядаўна ў Варшаве адчыніўся Музея Яна Паўла ІІ і Прымаса Вышыньскага.

Ян Павал ІІ нарадзіўся 18 траўня 1920 году ў Вадовіцах, у паўднёвай Польшчы. Ён быў малодшым з двух дзяцей Караля Вайтылы і Эміліі Качароўскай, якая памерла, калі будучаму папу было дзевяць гадоў. У 1946 годзе Караль Вайтыла прыняў сан святара, у 1978 годзе быў абраны Папам рымскім. Папа-паляк памёр 2 красавіка 2005 году ў Ватыкане.

У бягучым годзе, акрамя 100 гадавіны з дня народзін польскага пантыфіка, спаўняецца 15 гадоў з дня яго смерці. Гэта асаблівым чынам прымушае задумацца, як расказваць пра Яна Паўла ІІ – гаворыць намеснік дырэктара Музея Яна Паўла ІІ і Прымаса Вышыньскага ў Варшаве, гісторык Пётр Дмітровіч:

- Калі падумаць, што ўжо 15 гадоў як нашага папы няма разам з намі, то маладыя людзі, якім цяпер 15 гадоў, не памятаюць Яна Паўла ІІ. З’яўляецца пытанне, як мы павінны пра яго расказваць. Што яны ведаюць? Якім чынам перадаваць гэтыя веды?

Расказваючы пра постаць польскага пантыфіка, абавязкова трэба гаварыць, што абедзве постаці, Яна Паўла ІІ і прымаса Вышыньскага, неад’емна звязаныя з цэлай гісторыяй Польшчы ХХ стагоддзя – гаворыць гісторык:

- Гэта неверагодна. Нагадаю, прымас нарадзіўся ў 1901 годзе, у часе, калі яшчэ няма свабоднай Польшчы, ён нараджаецца яшчэ на захопленай Расіяй тэрыторыі. Гэта ў значнай ступені кшталтуе яго асобу. Дарослае жыццё ён пачынае будучы амаль аднагодкам Другой Рэчы Паспалітай. У 1917 годзе ён вырашае паступіць у семінарыю. У сваю чаргу Ян Павал ІІ сам казаў: «Я нарадзіўся ў 1920 годзе, калі бальшавікі ішлі на Варшаву, пакаленне, якое дало нам незалежнасць, з’яўляецца для мяне надзвычай важным».

Яна Паўла ІІ у значнай ступені сфармавалі два таталітарызмы. З аднаго боку – жахлівы досвед нямецкай акупацыі. Гэта быў час смерці бацькі, тады ён прымае рашэнне, што будзе святаром. З другога боку, гэта савецкі рэжым, які ў Польшчы запанаваў пасля Другой Сусветнай вайны. Пётр Дмітровіч гаворыць, што, калі б не гэты досвед, то не было б Яна Паўла ІІ, якім мы яго ведалі:

- Вядома, кожны з нас памятае яго інакш. З аднаго боку, гэта добра. Але з іншага, мы павінны больш гаварыць пра Яна Паўла ІІ узгадваючы яго сустрэчы з маладымі на Сусветных днях моладзі. Расказваць пра тое, як ён з імі знаходзіў агульную мову. Мы павінны паказваць такую перспектыву Яна Паўла ІІ.

Неаднаразова чуваць словы, што без прымаса Вышыньскага не было б Папы рымскага з Усходняй Еўропы. І Яна Паўла ІІ, і прымаса Стэфана Вышыньскага называлі бацькамі народу, бацькамі свабоды.

- Трэба памятаць, што не было б 1989 году, а да гэтага 1980 году, узнікненне прафсаюзу «Салідарнасць», без Яна Паўла ІІ і без прымаса Вышыньскага. Не было б «Салідарнасці», не было б дэмантажу камунізму ў такой форме – без праліцця крыві, мірным шляхам. Гэта надзвычай важна. Я думаю, што ў значнай ступені гэта заслуга гэтых двух людзей, якія разумелі польскую гісторыю, якія заўсёды вельмі ўзнёсла гаварылі пра польскія паўстанні, ніколі іх не асуджалі. Менавіта гэтае навучанне, гісторыя, на якой яны раслі, пра якую казалі ў сваіх казаннях, прынесла свае плёны ў 1980, 1989 годзе. Думаю, без двух бацькаў свабоды гэта выглядала б інакш. Біяграфіі Яна Паўла ІІ і Стэфана Вышыньскага і польская гісторыя ХХ стагоддзя – гэта элементы, якія аб’ядноўваюцца, вырастаюць адзін з аднаго. І як казаў Ян Павал ІІ: «Не было б папы-паляка, каб не ты, прымас», так не было б нашай гісторыі ў такім выглядзе без гэтых двух вялікіх бацькаў свабоды.

У Польшчы 100-годдзе Яна Паўла ІІ адзначаць на дзяржаўным узроўні. Выставы, канцэрты і сустрэчы ў цэлым свеце, прысвечаныя Папу рымскаму Яну Паўлу ІІ – гэта самыя важныя планы Міністэрства культуры Польшчы. Будуць вялікія канцэрты, мерапрыемствы за мяжой, арганізаваныя Інстытутам Адама Міцкевіча.

Ухвала ў справе году святога Яна Паўла ІІ была прынятая ў палове чэрвеня бягучага году. Яе падтрымала большасць дэпутатаў. У дакуменце падкрэслена, што святы Ян Павал ІІ займае асаблівае месца ў гісторыі Польшчы і Еўропы.

ав